-- Працую на комплексе з 2013 года, -- гаворыць Наталля Уладзіміраўна. -- На работу іду з добрым настроем -- ведаю, што мае падапечныя з нецярпеннем чакаюць мяне. І пасля змены настрой такі ж, бо разумею, што зрабіла для сваіх выхаванцаў усё што трэба.
Субяседніца расказала, што справы на комплексе ідуць добра, атмасфера ў калектыве добразычлівая. Вельмі радуе павага з боку калег і кіраўніцтва. Жывёлаводы атрымліваюць добрую заработную плату, гаспадарка аказвае належную падтрымку работнікам. Сям’я Наталлі Барташ (яе муж таксама працуе на «АФ Модуль») жыве ў добраўпарадкаваным катэджы ў Ракуцёўшчыне, якім забяспечыла гаспадарка.
-- Я люблю клапаціцца пра сваіх падапечных. Хаця праца гэта не лёгкая, але патрэбная і вельмі адказная, -- адзначыла Наталля Уладзіміраўна.
Наведалі мы і ферму «Відзеўшчына». Жывёлавод Міхаіл Ігнатовіч расказаў, што адказвае больш чым за 200 цялят. У некаторыя дні яны пад яго кругласутачным наглядам (Міхаіл Іосіфавіч яшчэ і ахоўнік на ферме).
-- Галоўнае для мяне, каб цяляты былі накормленыя, спалі ў чыстым памяшканні, -- сказаў субяседнік. -- Аднак для гэтага трэба вельмі пастарацца.
Да працы мужчына прывык з дзяцінства. З сямі гадоў яго выхоўвала маці (бацька заўчасна памёр). Першыя грошы хлопец зарабіў у 14 гадоў у гаспадарцы. Працаваў і жывёлаводам, і механізатарам. Дададзім, што Міхаіл Іосіфавіч мнагадзетны тата: у яго пяцёра дзяцей -- сын і чатыры дачкі.
Сям’ю Ігнатовічаў у гаспадарцы паважаюць. Муж -- перадавік жывёлагадоўлі. Жонка Наталля Пятроўна -- стараста Відзеўшчыны. Дзеці, акрамя малодшай чатырохгадовай дачкі, наведваюць секцыю ўсходніх адзінаборстваў, трэніруюцца ў Сяргея Панцюхова. А яшчэ яны любяць дапамагаць бацькам спраўляцца з хатнімі клопатамі.
-- На такіх, як Міхаіл Ігнатовіч, трымаецца гаспадарка, -- зазначыла брыгадзір фермы Галіна Белавус. -- Цяляты ў яго заўсёды дагледжаныя і накормленыя. Прывагі ў жывёлы добрыя. Зімова-стойлавы перыяд не самы просты ў жывёлагадоўлі. Аднак Міхаіл Іосіфавіч выдатна спраўляецца з дадатковымі нагрузкамі.
У ДАДАТАК. Наталля Барташ, Міхаіл Ігнатовіч і жывёлавод МТК «Чысць» Алена Клімовіч былі адзначаны ў рамках прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод».
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.