Новости Молодечно и Молодечненского района

Выхавальніца Таццяна Апановіч: «Каб было заўтра, трэба марыць…»

  • 2017-10-16 08:10:13
  • Ірына Рабушка

Урок лепшага выхавальніка

Амаль цэлы год доўжыўся рэспубліканскі конкурс, пачынаючы з раённага этапу да суперфіналу, у які з 30 тысяч прэтэндэнтаў трапілі ўсяго васьмёра педагогаў, у тым ліку і Таццяна. Не зламацца маральна і дастойна выступіць дапамагалі калегі, адміністрацыя дашкольнай установы №24, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама (асабліва метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Алена Кізіцкая), а таксама Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Безумоўна, надзейнай падтрымкай стала сям’я. З 12-гадовым сынам Васіліем Таццяна «адпрацоўвала» конкурсныя заданні і педагагічныя методыкі. Муж Дзмітрый, дарэчы, ваенны музыкант, нарэшце зразумеў, што такое «ваеннае становішча».

Дзень за днём доўгія гадзіны падрыхтоўкі змяняліся рэпетыцыямі, затым пачаліся выступленні, адкрытыя заняткі, круглыя сталы... Але ўсё гэта вартае перамогі ў намінацыі «Лепшы выхавальнік дашкольнай установы».

Найбольш складаным у конкурсе Таццяна лічыць майстар-клас, які праводзіла для студэнтаў (будучых выхавальнікаў) сталічнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

— Я прывыкла, што мае выхаванцы маленькія, а гэта былі па-сутнасці дарослыя людзі з уласным меркаваннем і поглядам на жыццё, — заўважае субяседніца. – Тэма ўрока называлася «Выхаванне паважлівых адносін да працы дарослых». Мы гаварылі пра розныя прафесіі, іх складанасць, важнасць і неабходнасць. У тым ліку пра педагогіку. Не сакрэт, што апошнім часам маладыя настаўнікі, выхавальнікі не заўсёды замацоўваюцца ў абранай сферы. На маё пытанне да студэнтаў, хто з іх плануе звязаць жыццё з педагогікай, не ўсе далі станоўчы адказ, што, безумоўна, мяне засмуціла. Але не выбіла з каляіны. І мы прадоўжылі гутарку. Спадзяюся, наша размова стала своеасаблівым урокам для маладых людзей і яны паглядзяць на сваю прафесію па-іншаму.

Менавіта Таццяне Апановіч аддало перавагу ў намінацыі «Лепшы выхавальнік дашкольнай установы» юнацкае журы, у склад якога ўваходзілі пераможцы розных міжнародных конкурсаў і турніраў. Яго падтрымалі і суддзі-прафесіяналы. Моладзь уручыла Таццяне карціну-пейзаж «Лясны ручай», напісаны пачынаючай мастачкай Валерыяй Сцяпанавай – пераможцай аднаго з творчых конкурсаў у Японіі. Сярод асабліва дарагіх для Таццяны падарункаў сімвалічная статуэтка малога хрустальнага жураўля і значок «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». Гэтыя ўзнагароды ўручыў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Таблеткі ад усіх хвароб

— Нягледзячы на тое, што конкурс прайшоў, самае складанае толькі пачынаецца. Вельмі не проста трымаць марку лепшага выхавальніка краіны, — гаворыць Таццяна. — Увогуле, я не лічу сябе лепшай у прафесіі, бо дасканаласці няма мяжы…

Яна не ўтойвае, што выпадкова прыйшла ў дашкольнае выхаванне і не збіралася затрымлівацца ў гэтай сферы. Таццяна са школы марыла выкладаць беларускую мову і літаратуру, закончыла адпаведны факультэт у Белдзяржуніверсітэце. Гэтымі прадметамі захапіла яе настаўніца Валянціна Атрушкевіч, у якой у свой час займалася дзяўчына ў СШ №12. Але маладому спецыялісту, выпускніцы БДУ, прапанавалі першае працоўнае месца ў якасці выхавальніка ў дзіцячым садзе №24. Тут яна працуе ўжо шаснаццаты год. І кожны дзень не перастае здзіўляцца.

— Я хаджу не на работу, а падарожнічаю па краіне дзяцінства, — тлумачыць, нібы тым дашкольнікам, выхавальніца. – Штодзень малышы здзіўляюць мяне сваёй непасрэднасцю. Яны мае таблеткі ад усіх хвароб!

Сваім настаўнікам у прафесіі Таццяна лічыць Наталлю Сушко, якая шмат гадоў прысвяціла дашкольнаму выхаванню і працавала ў яслях-садзе №24. Галоўнае, чаму яна навучыла, — бачыць у кожным дзіцяці асобу. Цяпер Таццяна сама перадае вопыт пачынаючым спецыялістам.

Дарэчы, не забывае і аб прафесіі беларусазнаўца. У садзе ў залежнасці ад узросту выхаванцаў праводзіцца па адным беларускамоўным занятку на тыдзень або месяц. На думку Таццяны, гэта вельмі мала, тым больш што дзеці дома, як правіла, не размаўляюць па-беларуску. Таму выхавальніца ў гульнявой форме імкнецца як мага больш пазнаёміць малышоў з роднай мовай, каб яна не была для іх замежнай.

Таксама Таццяна выдатная рукадзельніца і нярэдка шые, вяжа або вышывае штосьці для заняткаў з дашкольнікамі. Яна вялікая аматарка і тэатральнага мастацтва. З задавальненнем прымае ўдзел у творчых мерапрыемствах у садзе. Аднолькава ўдала атрымліваюцца ў яе розныя ролі — ад Бабы-Ягі да добрай феі. А любімы вобраз – лісы Алісы з казкі «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» Аляксея Талстога.

Жоўта-аранжавая мроя

Таццяна пазітыўная і ўсмешлівая летуценніца: «Каб было заўтра, трэба абавязкова марыць…». А марыць лепшы выхавальнік краіны аб прыватным садзе. У яе мроях ён аформлены ў жоўта-аранжавыя колеры і адценні. У групах – па 10 выхаванцаў, каб кожнаму дзіцяці ўдзяліць як мага больш увагі. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і розныя віды творчасці – тое, на што Таццяна зрабіла б упор у сваім садзе, бо гэта дапамагае развіццю дзіцяці. З аднолькавай павагай ставіцца выхавальніца да рускай і беларускай моў. Таму ў садзе яе мары яны былі б на роўных. Вывучаць замежныя, на думку Таццяны, дашкольнікам яшчэ рана. Хаця многія цяперашнія бацькі лічаць гэта неабходным ці, сказаць больш правільна, модным. Была б у садзе-мары і вялікая музычная зала з рознымі інструментамі.

— Музыка і творчасць выхоўваюць душу. Абавязкова абсталявала б прасторную дзіцячую касцюмерную. Калі іграеш у сапраўдным тэатральным касцюме, зусім па-іншаму адчуваеш свайго героя, — разважае выхавальніца. – Спорт, як вядома, загартоўвае фізічна. Таму басейны з вадой і сухімі напаўняльнікамі, трэнажоры таксама былі б у садзе, пра які я мару.

Абавязковая і з густам добраўпарадкаваная тэрыторыя. Каб нават непрацяглая прагулка ператваралася для малышоў у захапляльнае падарожжа.

Таццяна ведае, што такія сады ўжо ёсць, і верыць, што абавязкова з’явяцца яны ў нашым раёне. Асабіста яе на гэту ідэю натхніў рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Беларусі-2017».

Фота: Аляксей ПЛАТКО.