Новости Молодечно и Молодечненского района

Вяселле залатое - любоў на ўсё жыццё

  • 2018-11-21 08:06:08
  • Анжаліка Крупянькова

Ініцыятарам урачыстасці стала іх малодшая дачка Ірына:

— Вельмі захацелася падарыць маме з татам сапраўднае свята! Згадзіцеся, не так шмат сямейных пар разам сустракаюць паўвекавы юбілей. Яны гэта заслужылі: столькі ўсяго перажылі, шмат працавалі, дапамагалі іншым, забываючы пра сябе.

Радня, суседзі, сябры сабраліся ва ўтульным доме Туронкаў, каб разам перагарнуць старонкі іх сямейнага альбома, вярнуцца ў маладыя гады, успомніць песні сваёй маладосці.
Кажуць, сустрэчы дзвюм палавінкам наканаваныя нябёсамі. І гэта ў чарговы раз пацвярджае гісторыя знаёмства залатых юбіляраў. Любоў –малодшая, адзінаццатая па ліку дачка расіян з-пад Смаленска, якія ў гады вайны апынуліся ў нашай мясцовасці і засталіся на хутары Баршчы, якога няма цяпер. Цікава, што ў старым пашпарце Любоў Канстанцінаўна была запісана як руская. Але калі мяняла на новы, папрасіла ў графе «нацыянальнасць» пазначыць «беларуска», бо заўсёды ёю сябе адчувала. На гэтай зямельцы нарадзілася, з маленства навучылася гаварыць па-беларуску. З васьмі гадоў ірвала лён, пасла свіней – да любой работы была здольная. Пасля школы паехала да сястры на Смаленшчыну, тры гады няньчыла дзяцей у садзе, але так сумавала па Беларусі, што вырашыла вярнуцца. Відаць, адчувала, што менавіта тут у сельскім клубе сустрэне свой лёс, свайго Юзіка. Паўгода хапіла ім, каб зразумець, што хочуць разам пражыць усё жыццё. Пажаніліся, пяць гадоў маладая сям’я жыла ў Груздаве з бацькамі, а перад нараджэннем малодшай дачкі перайшлі ў свой дом. Гэта, як успамінаюць муж і жонка, было найвялікшым шчасцем у іх жыцці. Іх дагледжаны, увіты вінаграднай лазой дом – узор добраўпарадкавання і працаві-
тасці. Усё жыццё трымалі вялікую гаспадарку, і цяпер у іх ёсць карова, свінні, вялікі пчальнік.

— Нашы бацькі вялікія працаголікі, — гаворыць Ірына. – І нас з сястрой з маленства да працы прывучылі. Памятаю, тата жартам гаварыў: «Сыноў у нас няма, таму вы павінны і мужчынскай рабоце навучыцца». Мы і вучыліся, што заставалася рабіць. Ад мамы перанялі сакрэты кулінарыі: як з мясам упраўляцца, як пірагі да Каляд ды Вялікадня пячы, варэнне варыць… А наогул, усім лепшым, што мы ўмеем у жыцці, мы абавязаныя сваім бацькам. Самае галоўнае — яны навучылі нас не цурацца ніякай работы, быць сумленнымі, ніколі не квапіцца на чужое. «Што заробіце – тое і ваша», — такі запавет далі нам тата і мама. І самі былі найпершым прыкладам.

Іосіф Іосіфавіч шмат гадоў адпрацаваў токарам на радыёзаводзе «Спадарожнік», быў адзначаны знакам «Выдатнік якасці». Любоў Канстанцінаўна ўсю душу ўкладвала ў работу звеннявой, брыгадзіра паляводчай брыгады. За высокія паказчыкі ў маштабах не толькі калгаса, але і ўсяго раёна яна ўзнагароджана ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені, бронзавым медалём выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Калі пайшла на пенсію, сельгаспрадпрыемства «Палачаны» падарыла ёй каня – так гаспадарка аддзячыла адну з лепшых сваіх працаўніц.

Сёння радуюць залатых юбіляраў дочкі, унучкі. Старэйшая дачка Ганна — бухгалтар па адукацыі, працуе касірам у гарадской стаматалогіі. Ірына – старшая медсястра ў аддзяленні гнойнай хірургіі цэнтральнай раённай бальніцы. Старэйшая ўнучка Аліна заканчвае тэхналагічны ўніверсітэт, малодшая Аляксандра яшчэ школьніца. Яны любяць прыязджаць у Груздава да бабулі з дзядулем, якія іх вельмі любяць.
Шмат цёплых віншаванняў гучала ў дзень іх залатога вяселля. Старшыня Палачанскага сельвыканкама Анастасія Іода ўручыла ім пасведчанне рэгістрацыі залатога юбілею. Шчырыя словы адрасавала віноўнікам урачыстасці старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Палачанскага сельскага Савета Людміла Леган. Дырэктар Яхімоўшчынскага сельскага клуба Алена Абіда і культработнікі Аляксей Сыракваш, Яўгеній Каткоўскі падрыхтавалі святочную праграму, спявалі для іх песні, прыпеўкі. Дарэчы, і сама Любоў Канстанцінаўна мае прыгожы голас, да гэтага часу спявае ў царкоўным хоры.

— А самая любімая песня нашых бацькоў — «Домік вокнамі ў сад», — гаворыць Ірына. – Як жа хочацца, каб у родным доміку нас яшчэ шмат гадоў чакалі любімыя мама і тата!

Фота: сямейны архіў СЯМ’І ТУРОНАК.