Віншую вас са святам Пасхі Хрыстовай! Вялікдзень – галоўная падзея для ўсіх хрысціян, у якой адлюстроўваецца сутнасць нашай веры.
Ва ўрачыстасць Уваскрэсення Пана ў святынях гучыць радасны спеў «Алелюя!». З вуснаў і сэрцаў вернікаў плывуць словы традыцыйнай песні: «Вясёлы дзень для нас настаў!». Званы на касцельных вежах абвяшчаюць усяму свету Добрую Навіну, што Езус Хрыстус сапраўды ўваскрэс.
Трываючы ў гэтай пасхальнай радасці, якой адарыў нас Хрыстос, складаю вам, дарагія браты і сёстры, сардэчныя віншаванні. Няхай Божая любоў, аб’яўленая ў таямніцы Мукі, Смерці і Уваскрэсення Хрыста, асвячае жыццё і робіць нас здольнымі праслаўляць Бога кожным добрым учынкам на карысць нашай Айчыны.
Для нашых праваслаўных братоў і сясцёр, якія цяпер распачынаюць Вялікі Тыдзень, шлю сваё пастырскае благаславенне і жадаю шчыра і натхнёна перажыць гэты важны перыяд, радасна сустрэць Пасху.
Кожнага з вас я ахінаю сваёй малітвай, жадаю здароўя і шчодрых ласкаў ад Уваскрэслага Пана. Няхай вера ў Змёртвыхпаўсталага Езуса Хрыста, Які ідзе з намі па дарогах штодзённага жыцця, будзе для нас крыніцай моцы ў цяжкасцях, надзеі – у расчараваннях, супакою – у хваляваннях, а таксама крыніцай любові, якая перамяняе свет.
Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Уваскрэс! Алелюя!
Эдмунд ДАЎГІЛОВІЧ-НАВІЦКІ, ксёндз-пралат, пробашч касцёла святога Юзафа ў Маладзечне, дзекан Маладзечанскага дэканата.