Філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Фальварак Ракуцёўшчына» вельмі папулярны сярод жыхароў і гасцей Маладзечаншчыны. Сюды едуць аматары роднага слова, тыя, хто хоча захаваць гістарычную спадчыну нашага народа. Хутка ў музеі пройдзе чарговае свята песні і паэзіі «Ракуцёўскае лета».
– Мерапрыемства запланавана на 26 ліпеня, – гаворыць загадчык філіяла Любоў Шчэрбач. – Ужо рыхтуецца праграма, запрашаюцца ўдзельнікі і госці. Як заўсёды, свята пройдзе цікава і змястоўна. Яно пакіне ва ўсіх толькі станоўчыя эмоцыі.
Субяседніца адзначыла, што першае «Ракуцёўскае лета» прайшло ў 1983 годзе. Тады музейны комплекс яшчэ не быў адкрыты. Адчыніў ён свае дзверы 27 ліпеня 1994-га. Вялікую ролю ў гэтым адыграў гісторык і краязнавец Генадзь Каханоўскі. Удзельнікі першых свят песні і паэзіі ў Ракуцёўшчыне збіраліся ля памятнага знака, прысвечанага Максіму Багдановічу. Потым ішлі на луг да Максімавай крынічкі. Там і ладзіліся ўрачыстасці.
– Наш музей з кожным годам набывае ўсё большую папулярнасць, – працягвае Любоў Іванаўна. – Наведвальнікі не толькі знаёмяцца з экспанатамі, але і ўдзельнічаюць у розных майстар-класах. Адзін з іх – выраб валошак, любімых кветак Максіма Багдановіча. Людзі адзначаюць, што сама атмасфера ў Ракуцёўшчыне натхняе на творчасць. Гасцям становіцца зразумела, чаму менавіта тут у Багдановіча нарадзілася так шмат цудоўных твораў.
Папулярызацыі комплексу спрыяе ўдзел у розных акцыях, накіраваных на азнаямленне з мясцовымі славутасцямі. Так, госці прыехалі сюды ў час рэспубліканскай акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся». Для некаторых комплекс стаў сапраўдным адкрыццём. Аказваецца, так блізка ад сталіцы можна акунуцца ў сапраўдную аўтэнтыку, больш даведацца пра класіка айчыннай літаратуры і яго творчасць.
Любоў Шчэрбач акцэнтавала, што нярэдка паміж музеем і наведвальнікамі наладжваецца зваротная сувязь. Людзі дораць установе культуры цікавыя экспанаты. Практычна заўсёды гэта адбываецца пасля наведвання музейнага комплексу.
– На адным з фестываляў «Ракуцёўскае лета» турыстаў з Радашковічаў уразілі прадметы народнага побыту, – гаворыць Любоў Іванаўна. – Потым яны патэлефанавалі нам і прапанавалі ў дар вазок-калыску 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Мы з удзячнасцю артэфакт прынялі. Так, прадмет з прыватнага гарышча стаў адным з найбольш папулярных музейных экспанатаў.
Сапраўды, гэты вазок-калыска ўяўляе сабой узор кемлівасці, дызайну і народных тэхналогій беларускіх сялян. Ён універсальны. Калі зняць колы, то дзіця можна вазіць на ім, як на санках. Для гэтага да дна вазка прымацаваны полазы. А яшчэ тут ёсць спецыяльны адсек, куды можна пакласці неабходныя рэчы.
– У Дзень музеяў, 18 мая, мы заўсёды ладзім акцыю «Падары экспанат музею», – зазначыла субяседніца. – Гэта прапанова дзейнічае і ў іншыя дні. У людзей могуць застацца ад бацькоў унікальныя рэчы, якія ўяўляюць вялікую культурную і гістарычную каштоўнасць. Перадаць іх у музей – значыць, унесці ўклад у захаванне нашчадкаў нашай спадчыны.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ