5 красавіка 2025 года зроблены новы крок у валанцёрскім праекце «Адновім святыню ў Дубраве разам!»
Вялікая колькасць людзей розных прафесій, рэлігійных перакананняў і ўзростаў сабралася на добраўпарадкаванне святыні: самаму малодшаму – 5 гадоў, самаму даросламу – далёка за 70. Які ж гэта цуд, калі неабыякавыя людзі са шчырымі сэрцамі збіраюцца разам, каб рабіць дабро!
Маладзечна, Мінск, Заслаўе, Вілейка, Талачын… Гэта толькі тыя населеныя пункты, з прадстаўнікамі якіх я паспела перакінуцца некалькімі словамі. Нікога з іх не палохалі ні надвор’е, ні адлегласць: аўтамабіль, веласіпед, свае ножкі…
Яшчэ летам гэты гмах стаяў зарослы хмызняком і кустоўем, а сёння ўжо можна ўбачыць велічныя муры касцёла, у якога з’явіўся шанц стаць месцам прыцяжэння вандроўнікаў, пілігрымаў, вернікаў і ўсіх неабыякавых людзей, якія цікавяцца гісторыяй і шукаюць новыя маршруты для падарожжаў і прыгод.
Усё, што планавалі, было зроблена. І нават больш: ачышчана ад смецця і леташняга лісця тэрыторыя побач з касцёлам, высечана кустоўе, адкапаныя цэнтральны і бакавы ўваходы ў святыню, выраўнаваная пляцоўка па абодва бакі ад галоўнага ўвахода, добраўпарадкаваныя магілы побач са святыняй… Ужо цяпер касцёл проста не пазнаць, а што яшчэ будзе!
«Усё, што мы робім, – гэта толькі кропля ў акіяне. Але без гэтай кроплі акіян быў бы меншым», – сцвярджала Маці Тэрэза, і гэта пацвердзілі сваёй ахвярнай працай нашы валанцёры.
Спадзяёмся, што ўсё задуманае атрымаецца рэалізаваць. А планаў сапраўды шмат. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дубраве ў 2024 годзе занесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, таму вельмі хацелася б, каб святыня атрымала новае жыццё. Адзін з варыянтаў – стварэнне на базе касцёла культурна-рэлігійнага цэнтра. Бо храм мае багатую і неверагодна цікавую гісторыю. Гэты факт падкрэслівае значнасць будынка не толькі як рэлігійнага, але і як гістарычнага помніка, у якім перасякаюцца лёсы славутых асоб і цэлых эпох.
Самаахвярная праца валанцёраў у Дубраве – гэта не толькі пачатак, але і трывалы падмурак для захавання святога месца. Хочацца верыць, што ўдзел у талацэ стане прыкладам для многіх, хто хоча ўнесці свой уклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны нашай Беларусі.
Яшчэ раз выказваем падзяку ўсім за працу і самаадданасць! Разам мы змаглі зрабіць важны крок у будучыню.
Асаблівыя словы падзякі – старшыні Аляхновіцкага сельскага выканаўчага камітэта Алегу Шытыку, які спрыяў, каб талака адбылася, і сам прымаў у ёй актыўны ўдзел! А таксама брату Андрэю Жылевічу, які падтрымаў і заахвоціў усіх прысутных вернікаў на далейшыя добрыя справы.
«Сённяшні дзень Бог падарыў. Узрадуемся і суцешымся ў ім…», – з такімі словамі раз’язджаліся нашы дарагія валанцёры. І гэта, я ўпэўнена, не апошняя наша сустрэча ў Дубраве!
Удзел у такіх мерапрыемствах умацоўвае нашу сувязь з гісторыяй, дазваляе ўсвядоміць, як важна берагчы і захоўваць нашы культурна-гістарычныя помнікі, таму што без гісторыі, без надзейнага падмурка немагчыма мець будучыню і будаваць дзяржаву.
Таццяна ШУМЕЛЬ