Новости Молодечно и Молодечненского района

Іван Поташ -- ратавальнік з чвэрцьвекавым стажам

  • 2019-07-25 05:44:48
  • Алег Бяганскі

За 25 гадоў Іван Поташ прайшоў службовы шлях ад радавога пажарнага да начальніка паста. Цяпер ён займае пасаду камандзіра аддзялення Маладзечанскага ГРАНС.

— Разам з іншымі ратавальнікамі выязджаю на пажары, прымаю ўдзел у ліквідацыі іншых надзвычайных сітуацый, — гаворыць Іван Іванавіч. – Работа патрабуе арганізаванасці, вывучкі, дысцыпліны і зладжанасці. Па трывозе мы павінны падрыхтавацца да выезду за 34 секунды. Калі некаму патрабуецца дапамога, кожнае імгненне на вагу золата.

Як прызнаўся Іван Поташ, для яго кожны выезд на заданне – экзамен на прафесіяналізм. Няма нічога даражэйшага за чалавечае жыццё. І ў некаторых сітуацыях яно залежыць толькі ад супрацоўнікаў МНС.

— Калі заступаеш на дзяжурства, трэба быць гатовым да ўсяго. Так, нядаўна ў адзін дзень маё аддзяленне тушыла палаючы аўтамабіль і ліквідавала ўзгаранне ў жылым доме. Колькасць пажараў у жылым сектары павялічваецца ў ацяпляльны сезон. На жаль, не ўсе адказна ставяцца да свайго жыцця, здароўя і маёмасці. Аднак калі здарыцца бяда, я і мае калегі абавязкова прыйдзем на дапамогу, — падкрэсліў ратавальнік з чвэрцьвекавым стажам.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.