Сярод гасцей былі намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская, начальнік упраўлення па адукацыі райвыканкама Іна Драпеза, кіраўніцтва СШ №5 і выпускніца гэтай школы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай гарадской выбарчай акрузе №72 Людміла Канановіч. І сёння яна не губляе сувязь з роднай навучальнай установай. Госці жадалі дзецям быць гаспадарамі ў новым гульнявым пакоі.
Застаўся ён па ранейшым адрасе, толькі былое памяшканне даводзілася дзяліць са спартыўнай секцыяй па фехтаванні. Цяпер пры дапамозе работнікаў УП «Камунальнік» добраўпарадкавалі асобныя «апартаменты». А камендант інтэрната Наталля Матусевіч працягвае падтрымліваць тут утульнасць.
Тэрыторыя для гульняў з’явілася дзякуючы праекту «Калідорныя дзеці». Яго ажыццяўляла і выйграла творчая група з чатырох педагогаў школ брэсцкага і мінскага рэгіёнаў у рамках міжнароднага інтэрнэт-конкурсу фонду Пасольства Нідэрландаў па рэгіянальным партнёрстве (NFRP-MATRA). У выніку ў Пінску, Беразіно, Жодзіне і Маладзечне ў інтэрнатах добраўпарадкавалі гульнявыя пакоі. Ад нашага горада ў праекце прымала ўдзел намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №5 Алена Парахня.
— Нашу ўвагу прыцягнулі сем’і, якія жывуць у інтэрнатах. У такіх умовах нярэдка дзеці бавяць вольны час на калідорах, яны, па сутнасці, кінутыя на саміх сябе. У невялікіх пакоях мала месца для гульняў, тым больш рухомых. Таму мы вырашылі прапанаваць альтэрнатыву, — патлумачыла Алена Мікалаеўна. – У інтэрнаце па вуліцы Замкавай, 21 жывуць пераважна дзеці, якія вучацца ў нашай школе. Але ў гульнявы пакой прыходзяць і з суседніх дамоў.
Наколькі мэтазгодныя такія тэрыторыі забаў, мы даведаліся з першых вуснаў і пагаварылі з мнагадзетнай мамай Людмілай Бажко. Дружная сям’я жыве ў вышэйназваным інтэрнаце. У Людмілы двое сыноў – 11-гадовы Раман, 9-гадовы Ягор і Софія, якой няма яшчэ і трох гадоў. Дзеці рознага ўзросту, але абсалютна ўсім ёсць чым заняцца ў агульным пакоі для забаў. Шматлікія настольныя гульні, канструктары, цацкі… У выбары нават можна разгубіцца! Шмат карысных падарункаў было зроблена з нагоды наваселля, і ён стаў яшчэ большым.
Таксама дзеці могуць наведваць тэатральную студыю «Казка» і аб’яднанне па інтарэсах «Яе вялікасць Гульня», што працуюць тут ад цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік». Хлопчыкі і дзяўчынкі ў захапленні ад заняткаў, якія праводзіць Галіна Іванькіна.
Многія бацькі заўважылі, што гэты праект яднае не толькі малышоў, але і старэйшых школьнікаў, нават іх саміх. Цяпер яны мараць, каб для дарослых таксама ладзілі мерапрыемствы – асветніцкія сустрэчы ці конкурсы. І гатовы дапамагчы ў іх арганізацыі.