Атрымлівалася не ва ўсіх, але трэба было бачыць, як яны стараліся, як перажывалі адзін за аднаго, хацелі перамагчы. Першая ў гісторыі раёна спартакіяда «Вясенні марафон» была арганізавана для іх у спартыўна-забаўляльным цэнтры нашага горада.
Усё тут было, як на сапраўдных спаборніцтвах. Дзве каманды, кожная па восем чалавек, пад апладысменты балельшчыкаў горда прайшлі па спартыўнай зале і замерлі перад сцягам Беларусі, калі загучаў Дзяржаўны гімн. Была прадугледжана для ўдзельнікаў спаборніцтваў і форма: каманда «Зорачка» — у белых майках, «Сонейка» — у чырвоных. Інструктар-метадыст СЗЦ Леанід Казлоў разам з супрацоўнікамі аддзялення распрацаваў заданні, якія па сілах людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.
Юнакі і дзяўчаты закідвалі мяч у баскетбольнае кальцо, бегалі паміж кеглямі, перадавалі мяч над галовамі, у руху падбівалі ракеткай паветраны шар, складалі з літар назвы сваіх каманд. Судзейская калегія пасля кожнага этапу выстаўляла і агучвала балы. Па выніках спаборніцтваў больш ачкоў набрала каманда «Зорачка», якая і стала пераможцай.
Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і пажылых грамадзян Аксана Турчыновіч уручыла кожнаму ўдзельніку каманды медалі, капітанам каманд – дыпломы. Парадавалі маладых людзей смачныя прызы ад спонсара спаборніцтваў УП «Эліямарт», вядомага ў горадзе вытворцы піцы.
З пачатку года раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна са спартыўна-забаўляльным цэнтрам рэалізуе новы праект «Азбука здароўя» для людзей з інваліднасцю. У іх ёсць магчымасць раз на месяц наведваць аквапарк, раз на тыдзень па серадах займацца ў спартзале. Суправаджае іх кіраўнік гуртка «Родник здоровья» Наталя Патрэпка. Падтрымлівала яна выхаванцаў і ў час спартакіяды, як і спецыяліст па сацыяльнай рабоце Людміла Кебіч.
Дарэчы, нядаўна выхаванцы аддзялення Сяргей Лямешка і Кірыл Зелянко і чацвёра балельшчыкаў ездзілі ў Смаргонь на V Міжрэгіянальную кіберспартыўную алімпіяду «Камандная гонка» і дастойна выступілі на ёй. Сярод найбольш спартыўных выхаванцаў аддзялення Яўгеній Цяцера, Кацярына Пеўнева, Кірыл Зелянко. Двое апошніх былі капітанамі каманд: Кірыл — «Зорачак», Кацярына — «Сонейка».
— Нашым падапечным, а іх сёння 39, вельмі падабаюцца такія мерапрыемствы. Яны з вялікім жаданнем рыхтуюцца да іх. Сёння адна з прыярытэтных задач дзяржавы – прыцягваць людзей з інваліднасцю да здаровага ладу жыцця, дапамагаць ім сацыялізавацца ў грамадстве. Мы вельмі ўдзячныя за дапамогу супрацоўнікам спартыўна-забаўляльнага цэнтра. Гэта была першая спартакіяда, але, спадзяюся, яна стане традыцыйнай. У далейшым мы плануем запрашаць каманды з аналагічных аддзяленняў суседніх раёнаў, — дзеліцца планамі Аксана Турчыновіч.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.