Новости Молодечно и Молодечненского района

В Молодечно родились 94 малыша. Демография за май 2020 года

  • 2020-06-10 12:46:33
  • Анжаліка Крупянькова

Пра дэмаграфічную сітуацыю ў маі нам расказала начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Іна АХПОЛАВА.

Нараджэнні

У маі зарэгістраваныя 94 нованароджаныя (51 хлопчык і 43 дзяўчынкі), што на 12 менш, чым у мінулым годзе. 35 нованароджаных сталі першынцамі ў сваіх сем’ях, у 34 — нарадзілася другое дзіця, у 18 – трэцяе, у 5 – чацвёртае, у адной – пятае, у адной — шостае.

У сям’і маладзечанцаў Веранікі і Вадзіма Мандрыкаў нарадзіліся двайняты Марат і Мацвей.
Сярэдні ўзрост матуль – 29 гадоў, татаў – 32. Самай маладой маці споўнілася 19, тату – 23, самым узроставым бацькам адпаведна 41 і 43 гады.

Сярод папулярных імёнаў мая – Мацвей, Цімафей, Мікіта, Данііл, Марк, Цімур, Ксенія, Дар’я, Кацярына, Аліса, Ганна, Арына. У адзіным экзэмпляры зарэгістраваны імёны Віктар, Дзяніс, Клім, Мілан, Міраслаў, Агата, Аніка, Мар’яна, Маргарыта, Тэя. Адну дзяўчынку назвалі прыгожым вясеннім імем Мая ў гонар месяца, у якім яна з’явілася на свет.

З пачатку года ў раёне зарэгістравана 505 нованароджаных — на 26 менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Шлюбы

Іх зарэгістравана 32, і гэта на 10 менш, чым летась. Сярэдні ўзрост нявест – 30 гадоў, жаніхоў – 32. Самай юнай нявесце споўнілася 18 гадоў, жаніху – 20, самым дарослым – 56 і 59 гадоў. 15 нявест і 11 жаніхоў бралі шлюб паўторна.

Усяго за пяць месяцаў у раёне створаныя 223 новыя сям’і — на 5 больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.

Разводы

У маі зарэгістраваны 61 развод, што на 19 больш, чым летась.
Усяго з пачатку года ў раёне распалася 239 сем’яў — на 18 менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Смерці

Апошні месяц вясны стаў апошнім у жыцці 174 нашых землякоў, гэта на 14 выпадкаў больш, чым у маі 2019 года.

Сярэдні ўзрост памерлых у маі мужчын – 66 гадоў, жанчын – 74.

За пяць месяцаў зарэгістравана 775 смерцяў — на 40 менш, чым за такі ж перыяд мінулага года.