Як адзначыў аўтар ідэі па ўстаноўцы знака гаспадар мясцовай аграсядзібы Мікалай Тамашэўскі, падзеі Першай сусветнай закранулі Маркава. Фронт праходзіў недалёка адсюль. Ваколіцы населенага пункта пацярпелі ад хімічных атак. Ля цяперашняга аграгарадка летам 1917 года адбылося адно з першых на ўсходнім фронце братанняў рускіх і нямецкіх салдат.
— Памяць пра вайну павінна захоўвацца, а цяперашняму і наступным пакаленням неабходна рабіць пра-
вільныя вывады з той трагедыі, — падкрэсліў М. Тамашэўскі. – Таму адным з элементаў будучага памятнага знака стане расколаты і зноў злучаны камень (сімвал варожых краін, якія пераадолелі рознагалоссі). Ля каменя зроблены крыж, падобны адначасова на сімвалы рускай і нямецкай армій. Плануецца таксама ўзвесці два барэльефы. Для распрацоўкі іх канцэпцыі запрашаюцца ўсе жадаючыя.
— Памятны знак стане адной са славутасцей аграгарадка, — сказаў старшыня Маркаўскага сельвыканкама Іван Мацэвіч. – Новы аб’ект паспрыяе прыцягненню дадатковай колькасці турыстаў, у тым ліку замежных. Сімвалічна, што закладка адбылася ў Год малой радзімы. Дзякуючы такім ініцыятывам мясцовыя жыхары і госці больш даведваюцца пра гісторыю роднага краю, вучацца шанаваць месца, дзе нарадзіліся і жывуць.
Субяседнік дадаў, што на тэрыторыі сельсавета кампактна размешчана некалькі турыстычных аб’ектаў. Сярод іх будынак касцёла Прасвятой Тройцы ў Беніцы, адзін з самых старых у Еўропе вязаў і музей сячкарань на аграсядзібе «У Мароза» ў Талуях, сажалка ля вёскі Трапалава і іншыя. Цікаўнаму турысту не хопіць і дня, каб пазнаёміцца з усімі славутасцямі.
Карысць і своечасовасць закладкі памятнага знака адзначыла і дэпутат Маркаўскага сельскага Савета мясцовая жыхарка Лілія Слуцкая.
На фота -- Іван Мацэвіч і Мікалай Тамашэўскі закладваюць памятны знак, прысвечаны Першай сусветнай вайне.
Фота: Алег БЯГАНСКІ.