Ульяна Пракапеня назвала сваю дачку Валерыяй, Вікторыя Ляўковіч – Міленай, Анастасія Абдулаева – Каралінай, Марына Ціуновіч – Анастасіяй.
Усе маладыя мамы маладзечанкі. Анастасія Сабалеўская – жыхарка Валожына, у яе нарадзіўся сынок Аляксей.
З радаснай падзеяй шчаслівых мам павіншавалі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Алеся Лукоўская, начальнік аддзела ЗАГС Ала Івашкевіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Алена Барада. Яны завіталі ў раддом з падарункамі – памятнымі адрасамі, альбомамі для запісаў і фота, камплектамі для нованароджаных.
— Вельмі сімвалічна, што вашы дзеткі з’явіліся на свет у Дзень сям’і. Няхай вашы сем’і квітнеюць! Ведаю, як нялёгка быць мамай, аднак няхай усе цяжкасці перакрываюцца тым бязмерным шчасцем, якое даюць нам дзеці! – звярнулася да жанчын Алеся Лукоўская.
— Улічваючы, што вашы дзеці нарадзіліся ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, найперш хачу пажадаць, каб яны раслі пад мірным небам, — далучылася да віншаванняў Алена Барада.
Ала Івашкевіч уручыла жанчынам пасведчанні аб нараджэнні дзяцей у прыгожых святочных вокладках.
— Прыходзьце да нас яшчэ рэгістраваць дзетак! Мы заўсёды рады такім падзеям, — заклікала матуль начальнік аддзела ЗАГС.
— Калі народзіце трэцяе дзіця, атрымаеце статус мнагадзетнай сям’і, зможаце прэтэндаваць на мацярынскі капітал, — нагадала Алена Барада.
Адметна, што чатыры з пяці жанчын сталі мамамі ў другі раз.
— У нашай сям’і ўжо ёсць двухгадовы сынок Саша. І вось жаданая дачушка, якую мы вырашылі назваць Анастасіяй, — ажно свеціцца ад шчасця маладзечанка Марына Ціуновіч. – Дзякую за дапамогу і клопат медыкам раддома, асабліва ўрачу Іне Бажко. Я проста ў захапленні ад яе прафесіяналізму!
Марына і сама медык, да дэкрэтнага водпуску працавала ўрачом-тэрапеўтам у паліклініцы №1. Дарэчы, яна з мнагадзетнай сям’і, у яе дзве сястры. Пакуль мы размаўлялі, яе дачушка мірна спала. Першую ў жыцці фотасесію, якая адбылася на трэці дзень пасля нараджэння, маленькая Насця таксама праспала. Але здымкі ў «Маладзечанскай газеце» будуць напамінам аб гэтай радаснай падзеі. А ў падораны альбом для нованароджанай мама з любоўю ўпіша кожны яе зубок, кожны новы крок яе жыцця.
Подписывайтесь на нас в Инстаграм!
Фота: Аляксей ПЛАТКО.