— Для нас гэта першая спроба ўдзелу ў такім праекце, што стала магчымым дзякуючы фонду імя Прападобнай Еўфрасінні Полацкай з Мінска. Наша супрацоўніцтва доўжыцца пяць гадоў, — заўважае дырэктар школы-інтэрната Наталля Глінская.
Дапамог у ажыццяўленні праекта і валанцёрскі клуб «СЛОН» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Дарэчы, абрэвіятура расшыфроўваецца як «слова любви, обретающие надежду».
У «модным паказе», які называўся «Першае каханне», прынялі ўдзел выхаванцы не толькі названай установы з нашага горада, але і з Вілейскай, Чэхаўскай школ-інтэрнатаў, а таксама з Івянецкага дома-інтэрната. Ва ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак розныя фізічныя асаблівасці развіцця. З іх улікам мадэльеры распрацоўвалі ўзоры адзення. Над стварэннем калекцый працавалі вядомыя беларускія дызайнеры Анастасія Фальковіч, Аляксандра Казлоўская, Антаніна Сурыновіч, Лідзія Барынава. Дзеці з маладзечанскай школы-інтэрната прадстаўлялі калекцыю адзення з ільну. Здаецца, яно нічым не адрозніваецца ад таго, што носяць звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі. Але… Да мадэляў прымацаваны біркі са шрыфтам Брайля, на якіх пазначана карысная нфармацыя аб умовах захоўвання адзення, доглядзе яго, спалучэнні з іншымі рэчамі гардэроба.
Да паказу хлопчыкаў і дзяўчынак рыхтавалі на працягу месяца. У школу-інтэрнат прыязджалі прадстаўнікі службаў, якія арганізоўвалі праект. З будучых мадэляў (усяго іх падрыхтавалі 15) былі зняты асабістыя меркі. Потым рэпеціравалі, як трымацца на сцэне: усе выхады разлічылі літаральна па кроках і паўкроках.
Асабліва складана было дзецям з абсалютнай стратай зроку. Адпрацавалі і кожны творчы нумар з удзелам прафесійных артыстаў. Жаданымі гасцямі ў школе-інтэрнаце сталі ўдзельнікі шоу казацкай песні і танца «Маме нравится» з Мінска. Менавіта з імі нашы дзеці выступалі на праекце. Наогул, да яго далучыліся Вікторыя Алешка, Ларыса Грыбалёва, Аляксей Хлястоў, Леся Кодуш і Слава Нагорны, Вольга Рыжыкава і Тэа, Вольга Сацюк і Ягор Канашонак, прадзюсарскі цэнтр «Талант Групп» і інш. На адной сцэне з зоркамі спяваў і выхаванец школы-інтэрната Данііл Савеня, якога ўжо добра ведае не толькі маладзечанская публіка.
Дзецям было цікава працаваць разам са стылістамі, візажыстамі, цырульнікамі, якія рыхтавалі іх да галоўнага выхаду. Удзел у праекце пакінуў у іх мноства яркіх эмоцый. А калекцыю, якую яны прадстаўлялі, прэзентавалі школе-інтэрнату.
Фота: архіў МАЛАДЗЕЧАНСКАЙ СПЕЦЫЯЛЬНАЙ АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЙ ШКОЛЫ-ІНТЭРНАТА.