Новости Молодечно и Молодечненского района

Успаміны пра былы райцэнтр 

  • 2025-05-19 06:52:07
  • Олег Беганский

Гарадскі пасёлак Радашковічы з 1940-га па 1960 год быў цэнтрам адміністрацыйнага раёна спачатку Вілейскай, а затым Маладзечанскай вобласці. Пра жыццё былога райцэнтра нам расказала мясцовая жыхарка Ірына Ніжанкоўская.

- Сама я нарадзілася ў Радашковічах, – паведаміла Ірына Уладзіславаўна. – Мая маці, Вера Андрэеўна, была замужам за Браніславам Тарашкевічам, вучоным і палітычным дзеячам, актыўным удзельнікам вызваленчага руху працоўных Заходняй Беларусі. 

Субяседніца адзначыла, што населены пункт заўсёды выдзяляўся сваім культурным асяроддзем. Мясцовае раённае выданне называлася «Сцяг Ільіча». Сакратаром у ім працаваў вядомы вучоны і літаратар Адам Мальдзіс. Размяшчалася рэдакцыя ў адным з даваенных дамоў у цэнтры населенага пункта. Там жа знаходзіўся і райвыканкам.

Па словах Ірыны Ніжанкоўскай, аўтобусны прыпынак у Радашковічах быў насупраць ААТ «Белмастацкераміка». Аўтобусныя рэйсы звязвалі былы райцэнтр з Маладзечнам, Мінскам, Вілейкай, Свір'ю, іншымі населенымі пунктамі. Тады ў пасёлку працаваў пашывачны цэх. Была наладжана вытворчасць кухоннай мэблі.

Да пабудовы галоўнага канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы асноўнай воднай артэрыяй Радашковічаў была рэчка Вязынка. Пры гэтым наваколле населенага пункта і тады, і цяпер вызначаецца сваёй прыгажосцю.

- У Радашковічах існуе нейкая асаблівая аўра практычна ва ўсіх аспектах жыцця, – адзначыла Ірына Ніжанкоўская.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ