— Мой стаж у індустрыі прыгажосці амаль 45 гадоў, — гаворыць Марыя Аляксандраўна. — Пэўны час працавала ў горадзе. Аднак найбольш спадабалася рэалізоўваць свае здольнасці менавіта ў сельскай мясцовасці. Вяскоўцы не менш за гараджан жадаюць выглядаць модна і прыгожа. І я дапамагаю ім у гэтым.
Субяседніца адзначыла, што абслугоўваць землякоў асабліва адказна. З усімі кліентамі сустракаешся на вуліцы, у магазіне, на святы. Шмат каго ведаеш ужо даўно. Падводзіць людзей нельга. Тут і прафесійны гонар важны, і павага да аднавяскоўцаў.
— Немалаважная адметнасць вясковага бізнесу — аказанне шырокага спектра паслуг адным майстрам, — працягвае субяседніца. — Гэта зручна людзям, бо яны эканомяць сродкі і час. Таму цырульніку неабходна быць сапраўдным універсалам. Уменне падтрымаць размову таксама спатрэбіцца. Кліенты гавораць не толькі пра прычоскі, але і сямейныя навіны расказваюць, які ўраджай бульбы сабралі, колькі грыбоў з лесу прынеслі.
На думку Марыі Цыбульскай, развіваць бізнес у сельскай мясцовасці патрэбна. Гэта і рабочыя месцы, і дадатковыя паслугі для жыхароў. Важна стымуляваць прадпрымальніцкую ініцыятыву ўсіх катэгорый насельніцтва.
Сама майстар ужо дасягнула пенсіённага ўзросту. Таму яна плаціць паменшаны падатак, не робіць адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэта прадугледжана заканадаўствам.
— Жыць і працаваць у Турэц-Баярах мне падабаецца, — падкрэсліла Марыя Цыбульская. — Населены пункт мае добрую транспартную даступнасць. Прырода навокал вельмі прыгожая. Але галоўнае багацце вёскі — чулыя, добразычлівыя людзі. Чаго яшчэ можа жадаць чалавек?
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.