Дабрачынны праект, які ўжо дапамог многім дзецям, стаў сапраўдным падарункам для сям’і Кучко, за што яна вельмі ўдзячная арганізатарам.
У 2009 годзе праект стартаваў па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У нашым горадзе марафон рэалізуецца пры падтрымцы райвыканкама і райкама БРСМ. Яго важнасць і неабходнасць падкрэслілі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай гарадской выбарчай акрузе №72 Людміла Канановіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта, загадчык сектара маладзёжнай палітыкі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Вольга Шыбко, першы сакратар Мінскай абласной арганізацыі БРСМ Дзмітрый Варанюк.
Аб тым, як дабрачынны праект ствараўся і з часам ператварыўся ў маштабны рух па ўсёй краіне, прысутныя даведаліся з відэароліка. А расказалі пра гэта непасрэдныя стваральнікі марафону – дырэктар Рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Мінскай вобласці Руслан Трухан (у 2009-м быў першым сакратаром абласнога камітэта БРСМ), начальнік аддзела кіравання чалавечымі рэсурсамі ААТ «Белаграпрамбанк» Максім Басалыга і яго калега Наталля Марозава. Таксама быў паказаны сюжэт з Лізай Марозавай з Мінскай вобласці – першай гераіняй дабрачыннага марафону. Дзякуючы яму дзяўчынцы была перасаджана нырка, донарам выступіў тата. Цяпер Ліза адчувае сябе добра, яе жыццё працягваецца, за што яна вельмі ўдзячная і арганізатарам праекта, і артыстам, якія далучыліся да яго. І, безумоўна, медыкам.
На гэты раз усяго самага лепшага жадалі нашаму Святагору. Праграма ў рамках марафону называлася «Маладзечна – ад сэрца да сэрца!». Яркія фарбы ў жыццё хлопчыка, які наогул стараецца жыць у пазітыве, стараліся ўнесці ўсе, хто выходзіў на сцэну Палаца культуры. Для Святагора выступалі Дзмітрый Каралёў, Гюнэш, Георгій Калдун, Анастасія Ціхановіч, група «Las Vegas», шоу казацкай песні і танца «Маме нравится» і многія іншыя. Спявалі і юныя артысты. Да марафону далучыліся прадстаўнікі двух узорных калектываў маладзечанскага Палаца – харэаграфічнага ансамбля «ВіЗаВі» і эстраднай студыі «Жывы гук». Прадставілі творчыя нумары і вядучыя праграмы Вольга Сацюк, першая прадстаўніца ад нашай краіны на «Еўрабачанні», уладальніца трох прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, і Андрэй Коласаў, удзельнік вядомых тэлепраектаў «Акадэмія талентаў», «Голас краіны», «Х-фактар».
Алена Кучко — мама Святагора – падзякавала ўсім неабыякавым людзям за дапамогу.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.