— І сёння памятаю: левы партэр, другі рад, месца нумар шэсць. А за два метры ад мяне сядзеў Міхаіл Гарбачоў, — дзеліцца ўспамінамі ветэран працы і паказвае наручны гадзіннік вытворчасці айчыннай фабрыкі «Прамень», які падарылі яму як дэлегату з’езда.
Яго стрэлкі і праз трыццаць гадоў спраўна адлічваюць час. Гэта ўжо сямейная рэліквія, як і адзін з першых савецкіх медалёў «За працоўную доблесць», якім быў узнагароджаны Уладзімір Раманавіч. Мы рады былі сустрэцца з ім напярэдадні яго 90-годдзя, якое ён адзначае 7 лютага.Медаль «За працоўную доблесць» і гадзіннік дэлегата з’езда сталі сямейнай рэліквіяй.
Як гарэлі Ваўчкі, забыць немагчыма
— Чаму ў вашай роднай вёскі такая назва? – найперш пацікавілася ў доўгажыхара.
— Ваўчкі стаяць на ўзгорачку, вакол лес. Старажылы расказвалі, што ў 20-30-я гады мінулага стагоддзя ваўкоў было столькі, што яны ў вокны хат заглядалі. А калі я жывёлаводам працаваў, здаралася, за ноч па двух-трох бычкоў ваўкі задзіралі, калі жывёла летам на кругласутачным выпасе была.
Самы чорны дзень у гісторыі Ваўчкоў – 7 красавіка 1944 года, калі фашысцкія карнікі за дапамогу партызанам падпалілі вёску і забілі 14 яе жыхароў.
— Якраз на Звеставанне, калі дзяўчына косы не пляце, а птушка гнязда не ўе, у абед мы пачулі шум, стрэлы, крыкі: «Уцякайма, немцы едуць!». Мы з мамай пабеглі ў лес, тата, прыкрыўшыся шынялём, залёг непадалёк ад хаты ў асінніку. На нашых вачах згарэлі ўсе 26 дамоў. А калі вярнуліся, даведаліся, што тых, хто не паспеў уцячы, фашысты расстралялі. Я вельмі баяўся, што сярод забітых і мой тата. Але дзякуй Богу, ён выжыў. 18 хлопцаў з нашай вёскі ваявалі ў партызанах, сярод іх і мой родны брат Васіль, які памёр ад ран. Вярнуліся з лесу толькі трое…
Сям’я Дзянісікаў жыла летам у будане з саломы, зімой – у чужых людзей у Бабрах. А на наступны год навазілі з лесу дрэва, склалі маленькую хатку, у якой і сустрэлі вызваленне.
«Мяне звалі камуністам…»
Партыйным Уладзімір Дзянісік не быў, аднак многія ў калгасе звалі яго камуністам. За адказнасць і працавітасць, за тое, што стараўся даведзеныя заданні выканаць ды яшчэ іншых пракантраляваць. Адбівалася армейская выпраўка: чатыры гады адслужыў у Таганрогу, быў камандзірам аддзялення, сакратаром камсамольскай арганізацыі. Пасля Вілейскага ПТВ працаваў на трактары, у жніво перасаджваўся на камбайн. У ім, не ў прыклад цяперашнім, кабіны не было, толькі «грыбок» ад дажджу. І абедамі ніхто камбайнераў не карміў. З дому перакусіць бралі, на хаду елі, каб час не марнаваць.
Калі перайшоў на ферму ў вёску Чэрнева, гадаваў бычкоў, якія пры добрым корме ды доглядзе раслі як на дражджах.
— Шмат мяса выдавалі мы гаспадарцы! Вялізныя «Калхіды» загружалі! – успамінае мой субяседнік, які дабіўся лепшых паказчыкаў ва ўсім раёне, яго партрэт двойчы змяшчалі на раённую Дошку гонару.
На Усесаюзны з’езд у Маскву Дзянісіка выпраўлялі ўсім калгасам. У часы дэфіцыту новы касцюм знайшлі ажно ў Ільі, купілі адразу пяць сарочак, каб штодня былі свежыя. Пасялілі дэлегатаў у гасцініцы «Расія», вадзілі на экскурсію ў Крэмль, іншыя знакавыя месцы.
— А што вам найбольш запомнілася?
— Я пазнаёміўся з таджыкам, які ў сваім раёне быў галоўным аграномам. Ён мяне на поўным сур’ёзе запрашаў пераехаць, гаварыў, і жыллём, і работай забяспечыць… Але я і думкі нават не дапускаў, каб з роднымі мясцінамі развітацца.
«Як убачыў Зіну, так і пакахаў…»
Са сваёй жонкай Зінаідай Сцяпанаўнай Уладзімір Раманавіч разам ужо 64 гады. Родам яна з суседніх Баброў. Бацька загінуў на фронце, яна старэйшая з пяцярых дзяцей. Сама закончыла ўсяго два класы, каб малодшыя маглі вучыцца, пайшла працаваць у 12 гадоў. Муж і жонка равеснікі, ведаюць адзін аднаго з малых гадоў, вучыліся ў адным класе.
— Я яе маленькай як запомніў, роўненькай такой, як ступачка, дык і пакахаў, — з пяшчотай гаворыць юбіляр.
— Ні разочку ў жыцці Валодзя мяне не пакрыўдзіў, — у сваю чаргу прызнаецца Зінаіда Сцяпанаўна.
Удалая падабралася пара: абодва прыгожыя, працавітыя, гаспадарлівыя. Уладзімір сам хату пабудаваў, печку склаў, сад пасадзіў. Навучыўся прышчэпліваць яблыні і ўсім, хто папросіць, саджанцы раздаваў. Іншы раз нават ноччу касіў, каб зімой хапала сена карове і коням Сняжку і Каштанцы, якіх ён вельмі любіў.Любоў да коней – на ўсё жыццё.
Караваі Зінаіды Сцяпанаўны, напэўна, і сёння памятаюць тыя, хто іх каштаваў. Пякла на вяселлі, святы. А якой апетытнай атрымлівалася ў яе свіная лапатка, цалкам запечаная ў печы! Паспявала і па гаспадарцы ўпраўляцца, і ў калгасе працаваць. Была звеннявой па вырошчванні лёну. Пазней у ПМК-32 адказвала за пяць кіламетраў ракі Чарняўкі, падтрымлівала парадак на трох шлюзах, нават клумбы там садзіла.
Дзвюх цудоўных дачок выгадавалі Дзянісікі. Старэйшая Наталля – тэхнік-электрык, малодшая Марына – тэхнік-тэхнолаг. У Зінаіды Сцяпанаўны і Уладзіміра Раманавіча трое ўнукаў, пяцёра праўнукаў.Зінаіда і Уладзімір у пачатку сямейнага жыцця.
Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС іх Ваўчкі аказаліся ў забруджанай зоне. На сямейным савеце прынялі нялёгкае рашэнне пераехаць у вёску Сакаўшчыну на Валожыншчыне. У 1990-м купілі там дом, пасадзілі сад. Уладзімір Раманавіч працаваў у мясцовай пажарнай часці, Зінаіда Сцяпанаўна на той час была ўжо на пенсіі. Пражылі ў Сакаўшчыне 27 гадоў. Чатыры гады таму пераехалі да малодшай дачкі ў Маладзечна, сям’я якой жыве ў сваім доме на Лясных.
— У чым сакрэт вашага доўгага і шчаслівага сямейнага жыцця? – спыталася на развітанне ў гэтай прыгожай пары, якая не можа не выклікаць захаплення.
— Галоўнае – уступаць адзін аднаму, не сварыцца па дробязях, — гавораць муж і жонка.
— Дзецям, унукам прыклад паказваць, не піць, не курыць, — дадае Уладзімір Раманавіч, які з маладых гадоў прытрымліваецца здаровага ладу жыцця.
— І кахаць адзін аднаго! Словы ласкавыя гаварыць. Мне мой Валодзя і цяпер рукі цалуе, — з пяшчотай працягвае Зінаіда Сцяпанаўна.
Шматлікія выпрабаванні толькі мацавалі іх каханне, навучылі берагчы і цаніць тое, што маюць, што дадзена Богам. Дык няхай жа іх сямейнае шчасце доўжыцца як мага больш, пяройдзе ў спадчыну ўнукам і праўнукам…Зінаіда Сцяпанаўна і Уладзімір Раманавіч са сваімі блізкімі, якія іх вельмі любяць і паважаюць.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І ДЗЯНІСІКАЎ.