Новости Молодечно и Молодечненского района

Уладзімір Дурко: «За рулём МАЗа адчуваю сябе вялікім чалавекам…»

  • 2019-05-29 05:50:06
  • Ірына Рабушка

Да дружнага калектыву і да работы, аб якой марыў з юнацтва, Уладзімір прыкіпеў сэрцам. Прафесіі вадзіцеля, экскаватаршчыка і слесара атрымаў у былым Беразінскім прафтэхвучылішчы №42. Добрага работніка адразу заўважылі. А па выніках за мінулы год імя Уладзіміра Дурко занесена на Дошку гонару Маладзечанскага раёна як лепшага работніка жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Уладзімір ахвотна бярэцца за любую работу. Ён мае вадзіцельскія правы ўсіх пяці асноўных катэгорый. Кіраваў самазвалам, экскаватарам, іншымі машынамі. На працягу дзесяці гадоў працуе на лесавозе, два гады таму яму даверылі новы МАЗ.

— За рулём магутнай машыны адчуваю сябе вялікім чалавекам! – з усмешкай гаворыць вадзіцель.

Уладзімір сам рамантуе і рыхтуе да тэхаглядаў свой «МАЗ Еўра-3».
— Кожную дэталь у ім перабраў ужо! Гэту машыну ні на якую іншую не памяняю, — працягвае ён.

Звычайна за працоўную змену ў яго два-тры рэйсы. З іншых раёнаў сталічнага рэгіёна Уладзімір прывозіць лес, які ідзе на ацяпленне жылых дамоў, дзіцячых садоў, школ, розных арганізацый раёна. Самы працяглы маршрут быў летась – у Старобін, гэта больш за 200 кіламетраў.

У дарозе ўсялякае можа здарыцца. Неаднойчы Уладзіміру даводзілася дапамагаць тым, хто трапіў у аварыю ці ў каго зламаўся аўтамабіль. Ён ведае, што ў цяжкай сітуацыі і сам не застанецца адзін на дарозе.

Дома яго заўсёды чакаюць жонка Алёна і сыны – 13-гадовы Раман і 7-гадовы Павел. Малодшы ўжо цікавіцца вадзіцельскай справай. Хто ведае, мажліва, ён прадоўжыць бацькаў шлях, як у свой час зрабіў гэта Уладзімір.

Фота: Ірына РАБУШКА.