Новости Молодечно и Молодечненского района

У Заскавічах ратавалі лебедзя Гошу са зламаным крылом (фота)

  • 2018-01-20 11:37:06
  • Алег Бяганскі


У Заскавічы мы адправіліся разам з начальнікам райінспекцыі па ахове прыроды Уладзіславам Чарновым. Сустрэла нас мясцовая жыхарка Алена Усціновіч. Яна паказала дарогу да сажалкі і расказала гісторыю Гошы (так вяскоўцы назвалі лебедзя).

— Вясной пара лебедзяў пасялілася ля нашага падворка, — расказала Алена Леанідаўна. – У ліпені з’явіліся птушаняты. Бацькі пастаянна клапаціліся пра іх, самааддана абаранялі. Аднойчы мы ўбачылі лебедзя ўсяго ў крыві і са зламаным крылом. Напэўна, галава сямейства адганяў ад сваіх дзяцей бадзяжную сабаку або лісу і ў схватцы быў паранены.

Людзі ўзялі птушку пад апеку. На жаль, зламанае крыло зраслося няправільна, і лебедзь не змог падняцца ў неба. Восенню, калі іншыя лебядзіныя сем’і паляцелі ў вырай, Гоша застаўся на вадаёме. Свайго выбранніка не пакінулі і лябёдка, і двое птушанят.

… Сажалка. Птушкі даверліва наблізіліся да людзей. Пакуль рыхтавалася ратавальная аперацыя, палонка пакрылася ледзяной скарынкай. Значыць, наступную ноч Гоша наўрад ці перажыў бы.

Алена Усціновіч разам з мужам Мікалаем Пятровічам выманілі лебедзя на бераг. Уладзіслаў Чарноў асцярожна накінуў на яго пакрывала. Для надзейнасці, каб птушка яшчэ больш сябе не пакалечыла, яе пасадзілі ў вялікі мех.

Даць прытулак Гошу пагадзіўся  аматар прыроды, гаспадар адной з сядзіб Маладзечанскага раёна. Ён мае вопыт догляду параненых і хворых птушак. Пры правільным лячэнні пакалечаны падапечны зноў зможа «стаць на крыло».  
Што тычыцца птушынай сям’і, яна знойдзе вадаём, які не замярзае, і дачакаецца вясны. Мацярынскі інстынкт лябёдкі падкажа, як гэта зрабіць.

— Дзякуй, што дапамаглі выратаваць птушку. Цяпер, калі Гошу нічога не пагражае, на душы ў мяне спакойна, — сказала на развітанне Алена Леанідаўна.

Не прыручайце дзікіх жывёл

Уладзіслаў Чарноў падкрэсліў:

— Вельмі добра, што ў раёне жывуць неабыякавыя да прыроды людзі, — . — Жыхары Заскавіч зрабілі правільна. Яны дапамаглі птушцы, якая сапраўды мела ў гэтым патрэбу.
Аднак бываюць выпадкі, калі людзі прыносяць дамоў зайчанят, вожыкаў, птушанят. Маўляў, яны «згубіліся» і могуць загінуць. На самай справе дзіцянятам дзікіх насельнікаў лесу і лугу, як правіла, нічога не пагражае. Наадварот, для іх небяспечна, калі яны трапляюць у чалавечае жыллё.  Нельга прыручаць лебедзяў і іншых дзікіх жывёл. Тады ў іх змяняюцца паводзіны, што можа стаць прычынай гібелі.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.