Новости Молодечно и Молодечненского района

У «Яхімоўшчыне-Агра» плануюцца тры ўкосы

  • 2023-06-27 07:39:30
  • Алег Бяганскі

-- Уся зялёная маса з першага ўкосу закладзена ў сянажныя траншэі, -- паведаміла галоўны аграном гаспадаркі Алена Шаломская. -- Сена для буйной рагатай жывёлы плануецца нарыхтаваць, калі тэхніка выйдзе на «кармавыя» палі другі раз. Каб павысіць ураджайнасць кармасумесей, праводзіцца іх планавая падкормка ўгнаеннямі.

Спецыяліст дадала, што запланаваны яшчэ трэці ўкос, які павінен прайсці ў кастрычніку-лістападзе. На сілас прызначаны 462 гектары кукурузы. Такім чынам, у гаспадарцы будзе створана трывалая кармавая база для грамадскага статка.

-- Корманарыхтоўка -- адказны перыяд для вяскоўцаў, -- зазначыла Алена Сяргееўна. -- Нездарма кажуць, што летні дзень год корміць. Людзям за кароткі перыяд зялёнага жніва неабходна паказаць усе найлепшыя прафесійныя якасці. Работнікі гаспадаркі гэта з поспехам робяць. А тэмп задаюць вопытныя кадры, ветэраны сельскагаспадарчай вытворчасці.

Так, у пакосе кармасумесей сёлета адзначыўся механізатар Алег Ціхановіч. У варушэнні травы механічнымі граблямі не было роўных Славаміру Дурко. За рулём кормаўборачнага камбайна выдатна сябе праявіў Павел Базык. Хутка і без страт адвозілі з палёў зялёную масу да сянажных траншэй Мікалай Жардзецкі, Анатолій Акульскі, Уладзімір Голуб. Яны і іншыя работнікі працуюць з поўнай аддачай.

-- Цяпер гаспадарка рыхтуецца да ўборкі азімых каласавых, а таксама рапсу, -- расказала Алена Шаломская. -- Усяго трэба ўбраць 420 гектараў збожжавых, з якіх на 395 гектарах паспявае пшаніца, на 25 -- ячмень. Дарэчы, азімы ячмень «Яхімоўшчына-Агра» культывуе ўпершыню. Калі атрымаецца, гэта культура пастаянна «прапішацца» на нашых палетках.

Субяседніца акцэнтавала ўвагу, што азімыя добра перанеслі і халодны перыяд, і засушлівыя тыдні. Была праведзена хімпраполка раслін, іх апрацоўка ад хвароб фунгіцыдамі. Пасевы атрымалі неабходную колькасць азотных угнаенняў. Да таго ж глебы ў гаспадарцы ў асноўным сугліністыя, урадлівыя. Таму хлебаробы разлічваюць на добры ўраджай.

-- Яравы клін у сельгаспрадпрыемстве складае 270 гектараў, -- дадала галоўны аграном. -- З гэтай плошчы 200 гектараў адведзена пад ячмень, 40 займае пшаніца і 30 -- зернебабовыя культуры. Такая структура пасеваў дазваляе рацыянальна выкарыстоўваць пасяўныя плошчы і развіваць як раслінаводства, так і жывёлагадоўлю. Усяго на жніве будуць задзейнічаны тры збожжаўборачныя камбайны. Вядзецца падрыхтоўка да прыёму новага ўраджаю зернесушыльнага комплексу.

Алена Шаломская падкрэсліла, што галоўнае ў сельскай гаспадарцы, як і на любой вытворчасці, людзі. Менавіта ад спецыялістаў залежыць, ці будзе на нашых сталах хлеб і да хлеба. Вось чаму работнікаў у «Яхімоўшчыне-Агра» цэняць, паважаюць і ствараюць для іх годныя ўмовы.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.