Тут жывуць таксама прадстаўнікі сферы адукацыі, медыцыны, сілавых службаў, іншых арганізацый. Пераважна маладыя сем’і з малымі дзецьмі. Для іх і пастараліся наладзіць сапраўднае навагодняе свята з галоўнымі яго персанажамі ды гульнямі, забавамі, падарункамі.
Дзедам Марозам стаў Андрэй Буйкевіч, рабочы ТАА «Фурнікон». «Марозіць» ён ужо не першы раз. І гаворыць, што чараўніцтва – гэта яго хобі. Юлія Аўгусціновіч у Снягурачку ператварылася ўпершыню. Па прафесіі яна медыцынская сястра, цяпер у водпуску па доглядзе дзіцяці. Святочнае дзейства разгарнулася ў фае інтэрната. У вясёлых забавах змаглі паўдзельнічаць і дарослыя. Напрыклад, паспытаць шчасце ў бяспройгрышнай латарэі. Прызы былі таго вартыя: аўтамабіль, пыласос, пральная машына… Латарэя жартоўная, таму аўто было цацачным, пыласос у выглядзе веніка, пральную машыну замяніла гумка, а фіксатар думкі – аловак.
Збірацца разам з нагоды Новага года тут даўно стала добрай традыцыяй. З’явілася яна дзякуючы Валянціне Кедрык, якая загадвае інтэрнатам ужо больш за дзесяць гадоў. Задуму падтрымалі вахцёры Ірына Гардзіенка (яна выступае і як вядучая мерапрыемстваў), Яніна Калантаеўская і Ала Карнадская. Жанчыны не толькі рыхтуюць сцэнарыі святочных мерапрыемстваў. Разам з насельнікамі яны прыдумваюць святочнае ўпрыгажэнне на ўсіх пяці паверхах будынка. Прычым ідэі ажыццяўляюцца як пры фінансавай падтрымцы УП «Камунальнік», так і за ўласны кошт. Трэба заўважыць, што сярод усіх 24 інтэрнатаў УП «Камунальніка» праводзіцца конкурс на лепшае навагодняе афармленне. Пераможцы заахвочваюцца да Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, што адзначаецца ў Беларусі кожную чацвёртую нядзелю сакавіка. Хто выйдзе ў лідары на гэты раз – даведаемся зусім хутка …
Фота: Аляксей ПЛАТКО.