На мерапрыемстве выступілі намеснік галоўнага ўрача Маладзечанскай ЦРБ Наталля Свірыда, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па пенсіённых і матэрыяльна-бытавых пытаннях Людміла Пажарыцкая, інспектар прафілактыкі Маладзечанскага РАУС Кацярына Костачка, іншыя спецыялісты.
Як падкрэслівалася ў час нарады, нараджальнасць на Маладзечаншчыне ў апошнія гады зніжаецца. Так, пазалетась у горадзе і раёне нарадзілася каля 1700 дзетак, летась – каля 1600. Пры гэтым узровень дзіцячай смяротнасці ў нас ніжэйшы, чым у цэлым па рэспубліцы. Змяншаецца таксама колькасць абортаў. Гэтаму спрыяе мэтанакіраваная работа з жанчынамі, якія вырашылі перапыніць цяжарнасць.
Інфраструктура па аказанні медыцынскай дапамогі будучым мамам і непаўналетнім у раёне адпавядае сучасным патрабаванням. Сочаць за здароўем юных жыхароў Маладзечаншчыны работнікі сельскіх участковых бальніц і амбулаторый, дзіцячых паліклінікі, бальніцы, стаматалагічнай паліклінікі...
На падтрымку мацярынства і дзяцінства накіравана дзяржаўная праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гады і іншыя. Для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, прадугледжаны адзінаццаць відаў дзяржаўнай дапамогі, якія адносяцца да трох асноўных груп: па мацярынстве, сямейныя і па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзяцей. Самая значная з іх — дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Яна ўстаноўлена на ўзроўні 35-40 працэнтаў сярэдняга заробку па краіне.
У Беларусі ўведзена дадатковая мера падтрымкі мнагадзетных сем’яў — «сямейны капітал» у памеры 10 тысяч долараў пры нараджэнні (усынаўленні) трэцяга ці наступных дзяцей. Сёлета за 9 месяцаў на Маладзечаншчыне гэты від дапамогі аформілі 154 сям’і (з 2014 года – амаль 600 сем’яў).
Ордэнам маці за нараджэнне і выхаванне пяцярых і больш дзяцей узнагароджаны 163 мнагадзетныя жыхаркі горада і раёна. Сёлета ордэн атрымалі сем прадстаўніц Маладзечаншчыны.
Прафілактыка сямейнага насілля, сацыяльнага сіроцтва, насілля над дзецьмі — адны з найбольш важных напрамкаў дзейнасці дзяржаўных органаў у Рэспубліцы Беларусь. Так, да групы рызыкі ў раёне аднесены 190 сем’яў, у якіх выхоўваецца 368 дзяцей. Усе яны знаходзяцца на асаблівым кантролі. На ўлік у РАУС пастаўлены 104 асобы, якія ўчынілі правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін.
Высокую эфектыўнасць паказала такая мера ўздзеяння на бытавых хуліганаў, як ахоўнае прадпісанне (забарона знаходзіцца ў адным памяшканні з ахвярай насілля або сустракацца з пацярпелым). Сёлета яна была прыменена ў адносінах да 61 асобы.
Выступоўцы падкрэслілі неабходнасць сачыць за паводзінамі дзяцей у інтэрнэце, не пакідаць непаўналетніх без нагляду, дапамагаць сем’ям у сацыяльна небяспечным становішчы.
У жніўні інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі праведзены сацыялагічныя даследаванні па дэмаграфічнай тэматыцы. Яны паказалі, што дзве трэці рэспандэнтаў станоўча ацэньваюць сітуацыю ў Беларусі з нараджэннем дзяцей. Пры гэтым 75 працэнтаў удзельнікаў апытання, якія знаходзяцца ў рэпрадуктыўным узросце, пацвердзілі наяўнасць уласных дзяцей, 84 працэнты з тых, хто дзяцей не мае, заявілі аб планах абзавесціся нашчадкамі.