Новости Молодечно и Молодечненского района

У нашым двары ёсць дзе гуляць дзетвары!

  • 2019-05-30 06:16:46
  • Ірына Рабушка

Журналістам часта даводзіцца сутыкацца з рознымі скаргамі. Таму заўсёды прыемна расказваць пра людзей, якія ні на каго не спадзяюцца і самі імкнуцца паляпшаць умовы свайго побыту, тым больш калі гэта ім па сілах. Менавіта так зрабілі сем’і з дамоў №26, 28 і 30а па вуліцы Ясінскага. Ініцыятарам «будаўніцтва» дзіцячага гарадка стаў Алег Калапенчык.

— У нашым двары былі старыя арэлі. Камунальныя службы дэманціравалі іх, але ні новыя, ні адрамантаваныя ў нас так і не з’явіліся. Пясочніца таксама прыйшла ў непрыгоднасць: зарасла травой і стала «прытулкам» для бадзяжных катоў і сабак, — расказвае Алег.

Так узнікла ідэя самастойна зрабіць пясочніцу і арэлі. Задумай ён падзяліўся з іншымі маладымі сем’ямі, у якіх таксама ёсць малыя дзеці. І тыя адгукнуліся.

Алег узяў на сябе і хаджэнне па інстанцыях, каб атрымаць дазвол на ўстаноўку няхітрых забаў для дзятвы.

— Вельмі здзівіла, калі ўсе адразу катэгарычна адмаўлялі: нічога нельга рабіць! – працягвае ён. – Але паступова мы ўсё ж знайшлі паразуменне. Цяпер, напрыклад, камунальныя службы нават пясок чысты ў пясочніцу падвозяць.

Устанавілі яе яшчэ летась — драўляную і з накрыўкай, якая ператвараецца ў зручныя «лаўкі». Восем сем’яў скінуліся па пяць рублёў на матэрыялы і аплату работы майстра. На зіму Алег разбіраў пясочніцу і захоўваў у падвале, каб даўжэй праслужыла. Да таго ж да новага сезона яе трэба было крыху падрамантаваць.

А нядаўна ў двары з’явіліся драўляныя арэлі. З адходаў вытворчасці іх зрабіў Алег разам з сем’ямі-суседзямі (на жаль, яны не захацелі называцца). Чарцяжы адшукалі ў інтэрнэце. У хуткім часе ён плануе ўстанавіць пластыкавую горку, што падарылі знаёмыя. Ды яшчэ пачаў збіраць матэрыял для драўлянага доміка. Дзецям такая забава будзе па душы! Дарэчы, у Алега двое сыноў: Мікіту — шэсць з паловай гадоў, Сямёну – тры.
— Яшчэ чакаем папаўнення! – задаволена гаворыць тата.

Дбайныя жыхары з вуліцы Ясінскага самастойна даглядаюць свой маленькі дзіцячы гарадок. Разам прыбіраюць, фарбуюць, прычым выбралі белы колер як сімвал міру, чысціні і светлых пачынанняў. Цяпер сюды прыходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі з суседніх двароў. Ветлівыя гаспадары заўсёды рады новым сябрам.

Фота: Ірына РАБУШКА.