Некалькімі днямі раней падобнае мерапрыемства праводзіў завод "Кроноспан", што ў Смаргоні.
Прадстаўнікі будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства «Спецыялізаванае будаўнічае ўпраўленне №4» ДП «Упраўленне дарожна-маставога будаўніцтва і добраўпарадкавання Мінгарвыканкама» прыбылі ў наш горад, каб расказаць пра сваю дзейнасць і папоўніць штат дарожнымі рабочымі, бетоншчыкамі, праходчыкамі, машыністамі катка, экскаватаршчыкамі і інш.
Тыя маладзечанцы, хто прынес свае дакументы, маглі на месцы высветліць усе персанальныя пытанні. Усім прысутным спецыялісты кадравай службы вясёлкавых перспектыў не малявалі. Папярэджвалі: праца цяжкая, вахтавым метадам, па 12 гадзін у дзень, у любое надвор’е. Просьбы «як след падумаць» асабліва тычыліся мужчын ва ўзросце ад 55 да 60 гадоў і тых, хто раней не працаваў на прадпрыемствах фізічна. Падкрэслівалі, што 800 рублёў — сярэдні заробак. Прадпрыемства забяспечвае спецвопраткай, плата за ложка-месца ў інтэрнаце сімвалічная (15-20 рублёў), але трэба самастойна вырашаць пытанне з харчаваннем: сталовых на аб’ектах няма.
Пра дзве катэгорыі людзей, якія прыйшлі ў той дзень у службу занятасці, варта сказаць асобна. Тыя, што вярнуліся з заробкаў з Расіі, як правіла, пэўны час не мелі ніякіх запісаў у працоўных кніжках, у тым ліку пра прысваенне рабочых разрадаў. Такім прэтэндэнтам (а яны сцвярджалі, што ўмеюць рабіць усё) кадравікі тлумачылі: нягледзячы на вопыт могуць прапанаваць ім толькі вакансію дарожнага рабочага самага нізкага, другога разраду. А падымаюць разрад у арганізацыі не раней чым праз паўгода.
Яшчэ адна група беспрацоўных — звольненыя па артыкуле за ўжыванне спіртнога. Кіраўніцтва арганізацыі-наймальніка рэкамендавала не разглядаць кандыдатуры людзей, у якіх за апошнія пяць гадоў ёсць такі запіс у працоўнай кніжцы. Са слоў супрацоўніц аддзела кадраў, на вытворчасці з рабочым адбыўся няшчасны выпадак, звязаны менавіта з ужываннем алкаголю.
Прама на месцы прадстаўнікі ўпраўлення дарожна-маставога будаўніцтва выдавалі накіраванне на медыцынскую камісію. Для тых, хто знаходзіцца на ўліку ў цэнтры занятасці, агляд урачоў бясплатны.
— Што ў працоўных кніжках маладзечанцаў? Шмат звальненняў за прагулы. Мужчын нічога не трымае, яны звальняюцца, адпрацаваўшы невялікі тэрмін, уладкоўваюцца і зноў звальняюцца. Магу сказаць пра сваю арганізацыю: тыя, хто працуе больш за 5 гадоў, — гэта нашы людзі. У іх высокі разрад, яны трымаюцца за месца, і мы ў іх зацікаўленыя. Чакаем тых, хто прыняў рашэнне аб працаўладкаванні і атрымае допуск урачоў, — падвяла вынік дня спецыяліст па кадрах Ніна Муравейка.
ЛІЧБЫ «МГ».
Начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Алена БАРАДА прывяла наступныя лічбы.
Сёлета за студзень-люты ў службу занятасці Маладзечанскага раёна па садзейнічанне звярнуліся 396 грамадзян, з іх 332 былі зарэгістраваны беспрацоўнымі. За гэты перыяд працаўладкавана на пастаянную і часовую працу 232 беспрацоўных.
У банку даных упраўлення па працы і занятасці насельніцтва на 1 сакавіка было 364 вакансіі, у той час як на ўліку знаходзілася 528 беспрацоўных. З іх 165 чалавек не працавалі больш за год, 27 былі звольнены за парушэнне працоўнай дысцыпліны, 24 чалавекі вярнуліся з ЛПП і месцаў пазбаўлення волі.