Ініцыятар акцыі – Ганна Кобель, педагог-арганізатар мясцовай сярэдняй школы.
— Ідэя ўзнікла ў мяне ў час правядзення перапісу насельніцтва, калі я ў якасці перапісчыка калясіла па нашых вёсках, — расказвае Ганна. – Адзінокія пенсіянеры гатовы былі гадзінамі расказваць пра сваё жыццё, яны рады кожнаму чалавеку, які завітае ў дом. Вельмі захацелася наладзіць для іх хаця б маленькае свята, падарыць добры настрой!
Ганну Кобель падтрымалі старшыня Лебедзеўскага сельскага Савета дэпутатаў Тамара Дудзіч, калектыў аграфірмы «Лебедзева», работнікі Дома культуры, жыхары аграгарадка, маладыя нераўнадушныя маладзечанцы. У выніку сфарміравалі 20 падарункаў людзям, старэйшым за 80 гадоў, якія жывуць адны. У іх паклалі наборы для гарбаты: заварку, мёд, лімон, навагоднія пернікі, якія з любоўю спякла мясцовая кулінарка Вольга Пагуца. Маладзечанка Ірына Сіняўская змайстравала святочныя сурвэткі, Валерыя Бажко перадала падарункавыя пакеты. Падрыхтавалі для кожнага і календары на 2020 год. Мастацкі кіраўнік Дома культуры Кацярына Грыб прыбралася ў Снягурачку, Дзедам Марозам быў акампаніятар Андрэй Дзевялтоўскі з нязменным баянам у руках, Ганна Кобель была ў вобразе мышкі – сімвала надыходзячага года, дапамагала ім дырэктар СДК Анастасія Літвінковіч.
Пажылыя людзі па-рознаму сустракалі нечаканых гасцей. Адны, пачуўшы гукі гармоніка, адразу настройваліся на святочную хвалю, нават падпявалі. Іншыя з недаверам пыталіся, чаго яны хочуць. Але праз колькі хвілін вяскоўцы ўсміхаліся, здзіўляліся неспадзяванаму сюрпрызу. «Упершыню мяне прыйшлі павіншаваць проста так!» — не ўтойвала эмоцый адна з бабуль. Для кожнага з 20 вяскоўцаў візіт Дзеда Мароза і Снягурачкі стаў маленькім навагоднім цудам, у якое вераць не толькі дзеці, але і дарослыя, нават калі ім за 80… Бабулі і дзядулі радаваліся не столькі падарункам, колькі ўвазе, клопату і дабрыні незнаёмых людзей.
— Мару, каб такая акцыя стала ў нашай мясцовасці традыцыяй. Спадзяюся, землякі мяне падтрымаюць, — гаворыць Ганна Кобель.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ЛЕБЕДЗЕЎСКАГА ДОМА КУЛЬТУРЫ.