Новости Молодечно и Молодечненского района

У госці да Уладзіміра

  • 2025-02-09 10:23:00
  • Олег Беганский

Маладзечанскі край багаты на славутасці. Гэтым, а таксама добра развітай транспартнай і сацыяльнай інфраструктурай абумоўліваецца турыстычная прывабнасць раёна. А спыняцца падарожнікі могуць у тым ліку ў аграсядзібах. Адна з іх, якая называецца «У Владимира», знаходзіцца ў вёсцы Вазгелы.

– Едуць да мяне ў асноўным аматары цішыні і спакою, – гаворыць Уладзімір Грышаль, гаспадар аграсядзібы. – Найбольшая колькасць гасцей прыязджае з Мінска і Маладзечна. Людзі цэняць навакольную прыроду, выкарыстоўваюць магчымасці, якія яна дае. Так, у цёплую пару года папулярныя збор грыбоў і ягад у навакольных лясах. Зімой, калі ёсць снег, турысты здзяйсняюць лыжныя прагулкі або катаюцца на цюбінгах.
Субяседнік адзначыў, што такому фармату адпачынку на вёсцы аддаюць перавагу сямейныя пары і сем’і з дзецьмі. Недалёка ад аграсядзібы знаходзяцца ўсім вядомыя турыстычныя аб’екты «Лінія Сталіна», Вязынка, галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Гаспадар рэкламуе гасцям цікавыя мясціны і маршруты.

– Агратурызмам займаюся з 2013 года, – паведаміў Уладзімір Грышаль. – Сядзібу стварыў на базе бацькоўскага дома. Першым у раёне перарэгістраваў яе згодна з заканадаўствам. Наведвальнікаў лічу не кліентамі, а дарагімі гасцямі. Праяўляць гасціннасць мне падабаецца.

Алег БЯГАНСКІ
Фота: архіў Уладзіміра Грышаля