Новости Молодечно и Молодечненского района

Творчасць Багдановіча праз выцінанку

  • 2024-02-22 04:15:11
  • Ірына Рабушка

Яна прымеркавана да Дня роднай мовы, што адзначаецца 21 лютага, і складаецца з матэрыялаў з фондаў літаратурнага музея Максіма Багдановіча. На выстаўцы прадстаўлены дакументы, фотаздымкі, у тым ліку бацькоў, сваякоў сяброў паэта. Ёсць і рэпрадукцыя яго самага вядомага партрэта, які ў 20-я гады мінулага стагоддзя напісаў мастак Валянцін Волкаў.

– Паколькі выстаўка перасовачная, яна будзе калясіць па ўстановах культуры і адукацыі раёна, – заўважыла загадчык «Фальварка Ракуцёўшчына» Любоў Шчэрбач. – Гэтымі днямі яна размешчана ў музычным каледжы імя М.К. Агінскага. З установай мы прадоўжым супрацоўнічаць. Ужо ёсць задумы для нашага традыцыйнага свята «Ракуцёўскае лета», якое ладзіцца ў ліпені.

У яго рамках заўсёды праводзяцца творчыя выстаўкі, конкурсы. Сёлета да ўдзелу запрасілі навучэнцаў і педагогаў аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва музычнага каледжа.

– Асаблівы акцэнт зробім на выцінанку, – зазначыла Любоў Шчэрбач. – Гэты від мастацтва занесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. На «Ракуцёўскім леце» яно пакуль не прадстаўлялася. Педагог каледжа Лізавета Чырвонцава адна з вядучых майстроў, якая працуе ў такім кірунку і развівае яго.

Плануецца, што да новага праекта далучыцца музей гісторыі беларускай літаратуры. Ёсць намер правесці праз выцінанку тэму жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Мажліва, выстаўка, прысвечаная яму, ужо сёння натхніць творцаў з каледжа на стварэнне новых цікавых вобразаў.

Ірына РАБУШКА
Фота: архіў філіяла музея