— Чаму многія юнакі і дзяўчаты робяць татуіроўкі на целе? Што яны «шыфруюць» у малюнках?
— Прычын шмат. Для адных гэта жаданне з дапамогай малюнка на целе вызначыцца сярод равеснікаў. Для іншых — імкненне пазбавіцца ад сваіх комплексаў непаўнацэннасці і неабароненасці, своеасаблівы доказ сілы волі і смеласці (у такім выпадку нярэдка выбіраюць выявы розных драпежных і небяспечных жывёл). Каб адлюстраваць сферу сваіх захапленняў, людзі малююць прадметы, якія асацыіруюцца з іх прафесіяй. Бывае, спрацоўвае жаданне не толькі захаваць у памяці, але і занатаваць на сваім целе значныя даты, падзеі. Нехта ідзе за модай, бярэ прыклад з куміраў, а нехта ўпэўнены, што гэта прыгожа. Асаблівую ўвагу неабходна надаць малюнку, які хоча нанесці падлетак. Ці не пазначае ён прыналежнасць да якой-небудзь секты або небяспечнай групы.
— Перад любой справай варта добра падумаць і ўзважыць усе «за» і «супраць»…
— Рашэнне павінна быць усвядомленым — карцінка застаецца на ўсё жыццё. Няўдалая татуіроўка можа нашкодзіць здароўю і адыграць негатыўную ролю. Заўважана, што пры прыёме на работу кіраўнікі ўсё часцей аддаюць перавагу прэтэндэнтам без малюнкаў на целе. Таксама магчымыя праблемы па падборы адзення — не заўсёды татуіроўка глядзіцца з тым ці іншым уборам. Не трэба выключаць, што праз дзясятак гадоў тату вам перастане падабацца. Вывесці яе даволі складана і нятанна. Не сакрэт, што многія з часам пачынаюць шкадаваць аб сваім учынку. Іншая справа, калі татуіроўка ўдала маскіруе дэфекты: шрамы, рубцы, апёкі.
— На што трэба звярнуць увагу, калі ўсё ж рашыліся на татуіроўку?
— Абавязкова выбіраць толькі спецыялізаваны салон і тату-майстра з добрай рэпутацыяй. Пазнаёміцца з яго творчасцю: калі малюнак не атрымаецца — яго цяжка выправіць. Пры нанясенні карцінкі абавязкова кантраляваць, каб майстар працаваў у адпаведнасці з усімі вызначанымі медыцынскімі патрабаваннямі, бездакорна захоўваў правілы гігіены. Вялікую небяспеку для жыцця чалавека ўяўляюць хваробы, якія перадаюцца праз кроў.
— Што можна параіць бацькам дзяцей, якія вельмі хочуць зрабіць тату?
— Найперш расказаць сыну ці дачцэ пра магчымыя рызыкі, па-сяброўску пагаварыць. Не забараняць катэгарычна, а параіць ажыццявіць мару пазней, калі змогуць самастойна адказваць за свае ўчынкі. Ці аддаць перавагу так званай «часовай татуіроўцы», пазбавіцца ад якой значна прасцей. Цяжка пераканаць дзіця, калі ў яго бацькоў ёсць тату, хоць цяпер дарослыя і лічаць гэта сваёй памылкай.