У свае 20 гадоў ён не пабаяўся ўзяць адказнасць за каханую – 18-гадовую Таццяну Турбан, прапанаваў ёй руку і сэрца. Абодва яны выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця, і за апошнія 20 гадоў гэта першы шлюб паміж яго выпускнікамі. Вось ужо тры месяцы маладая сям’я жыве ў Рыгоравай кватэры ў нашым горадзе па вуліцы Маркава.
Сіроцкі лёс
«Пагляджу ў гэтыя вочы і разумею: зноў давядзецца пагадзіцца, купіць яе любімыя цукеркі, хаця грошай да зарплаты ў абрэз», — з усмешкай гаворыць Грыша, разліваючы гарбату па кубках. І Таня ўсміхаецца яму ў адказ, ды так хораша, што здаецца, у акно невялікай кватэры зазірнула сонца. Між тым іх дзяцінства было далёка не сонечным. Грыша трапіў у школу-інтэрнат у сямігадовым узросце — яго бацькі памерлі. Памятае толькі бабулю, якая жыла пад Мінскам у вёсцы Міханавічы. Таню да 14 гадоў выхоўваў тата, маме з-за стану здароўя нельга было даверыць дачку. На жаль, бацька стаў злоўжываць алкаголем, весці амаральны лад жыцця, і дзяўчынку давялося тэрмінова ратаваць, забіраць з прытона. Маладыя муж і жонка ў адзін голас гавораць, што школа-інтэрнат стала для іх сапраўдным домам, а настаўнікі і вучні – адной сям’ёй. Тут яны не толькі асвойвалі школьныя прадметы (Грыша па звычайнай праграме, Таня – па спецыяльнай), але шмат чаму навучыліся. У інтэрнаце ёсць адаптацыйны пакой, дзе выхаванцы могуць нейкі час пажыць самастойна, патрэніравацца гатаваць ежу. На ўроках працы вучыліся вырабляць розныя рэчы, і гэта вельмі падабалася Тані. Любімым урокам у Грышы была геаграфія. Гаворыць, што найбольш яго ўразіла Індыя – краіна, у якой бы ён хацеў пабываць. Любіць глядзець балівудскія фільмы, а на Новы год заказаў сябрам падарунак – тоўстую кнігу пра Індыю, якая цяпер стаіць на самым бачным месцы разам з Танінымі граматамі і медалямі за перамогі ў розных спартыўных спаборніцтвах. Яна ўсё школьнае жыццё займалася лёгкай атлетыкай, добра бегала. А яшчэ – танцавала, нават паказала відэазапіс прыгожага танца «Лістапад», які выконвала з сяброўкамі.
Як было не звярнуць увагу на такую дзяўчынку, не залюбавацца яе шчырай, добрай усмешкай? Іх сімпатыя адзін да аднаго ўзнікла ў старэйшых класах і паступова перарасла ў моцнае пачуццё. Іншы раз малодшыя вучні кідалі ім услед: «Вунь парачка закаханых пайшла!». Але яны не крыўдзіліся. Грыша, дарэчы, таксама захапляўся спортам, перамагаў на спаборніцтвах, але свае ўзнагароды дэманстраваць не стаў: мужчыну ўпрыгожвае сціпласць. Мне спадабалася і яго рэакцыя, калі зайшла размова пра шкодныя звычкі: «Навошта падрываць здароўе?».
У свой інтэрнат Валасевічы і цяпер часта прыязджаюць, падтрымліваюць стасункі з педагогамі, аднакласнікамі. І вельмі рады кожнаму візіту да іх у Маладзечна дырэктара дома-інтэрната Алены Петрашкевіч, якая разам з калегамі прыняла вялікі ўдзел у іх лёсе, ажыццяўляе патранаж на працягу трох гадоў пасля выпуску. З’яўляючыся дзяржаўным апекуном дзяцей-сірот, Алена Сігізмундаўна робіць усё магчымае і нават немагчымае, каб у 18-гадовым узросце яны маглі стаць уласнікамі замацаванага за імі жылля. Дырэктар дапамагла Грышу прадаць бабуліну спадчыну – старэнькі дом у Міханавічах — і купіць аднапакаёўку з рамонтам па вуліцы Маркава. Штомесячнай дапамогі па інваліднасці, якая за гады вучобы накапілася на яго рахунку, хапіла, каб абставіць кватэру сучаснай мэбляй, купіць сантэхнічную і бытавую тэхніку. Грыша прадумаў планіроўку да драбніц, наняў работнікаў, устанавіў душавую кабінку, бойлер (да дома не падведзена гарачая вада).
«Я буду долго гнать велосипед…»
У Грышы і Тані трэцяя група інваліднасці, якая дазваляе ім працаваць. У жніўні мінулага года хлопец уладкаваўся дворнікам у Маладзечанскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Здавалася б, усё складваецца цудоўна: уласная хаця і невялічкая, але ўтульная кватэрка, работа. Але ж у Івянцы засталася каханая дзяўчына, па якой ён вельмі сумаваў. Аднойчы ў выхадны дзень нават рашыўся паехаць да яе на веласіпедзе, а гэта больш за 70 кіламетраў. Успамінае, што ў час свайго велападарожжа не заўважыў патрэбны паварот, праехаў лішні дзясятак кіламетраў. Але не разгубіўся, знайшоў патрэбную дарогу. Вось на што здольнае каханне! Як аказалася, яно здольнае і на большае… Рыгор расказвае, што вырашыў забраць да сябе і нават прапісаць Таню, бо пасля паўналецця яна не магла заставацца ў інтэрнаце, а перспектыў з жыллём і работай у яе не было. Як і многія сучасныя маладыя пары, яны хацелі нейкі час пажыць разам, каб зразумець, ці пасуюць адзін да аднаго. Пайшлі ў ЖРЭУ, і высветлілася, што Таню прапісаць нельга — не хапае неабходных 15 метраў на чалавека. Праўда, пашпартыстка падказала выйсце: «Маю права прапісаць на такі метраж толькі жонку».
Мае субяседнікі расказваюць, што дырэктар дома-інтэрната, якая была разам з імі, пасадзіла іх у машыну і сказала: «Вырашайце!». А калі праз пяць хвілін падсела да іх, Грыша ўсміхаўся, а Таня плакала. І гэта былі слёзы радасці: яна – нявеста… 7 кастрычніка ёй споўнілася 18, а праз месяц яны з Грышам пераступілі парог Маладзечанскага ЗАГСа. У гэты шчаслівы дзень разам з імі былі Алена Сігізмундаўна, Таніна маці Ірына, самыя блізкія сябры, аднакласнікі. Калектыў Івянецкага дома-інтэрната ў якасці вясельнага падарунка сабраў ім грошы на пральную машыну, якой не хапала ў іх кватэры, а таксама арганізаваў вясельны стол. Маладзечанскі дом-інтэрнат таксама павіншаваў маладых, выдзеліў памяшканне для вясельнай урачыстасці.
Любімая каша – рысавая
Таня заўсёды выпраўляе мужа на работу, варыць кашу, найчасцей любімую рысавую. Рабочы дзень у Грышы пачынаецца ў восем раніцы, а зімой, калі шмат снегу, — у сем. На работу ён ездзіць на веласіпедзе, што дапамагае і грошы на праезд эканоміць, і час. Зарплата ў яго невялікая, каля трохсот рублёў. Таня пасля паўналецця пакуль яшчэ не атрымлівала дапамогу па інваліднасці, шмат часу пайшло на афармленне дакументаў. Спадзяецца, што і ёй пашчасціць уладкавацца на работу, гаворыць, што справілася б з абавязкамі прыбіральшчыцы ці мыйшчыцы посуду. Пакуль жа жыць маладой сям’і даво-
дзіцца ў строгай эканоміі: калі ідуць у магазін па прадукты, складаюць спіс і стараюцца ад яго не адступаць. На радасць Тані Грыша падключыў інтэрнэт, найперш для таго, каб юная гаспадыня магла знаходзіць у ім рэцэпты страў, вучыцца гатаваць. І яна вельмі стараецца: смачнай атрымалася курыца ў духоўцы, яблычны пірог. «Як гаспадыня Таня мяне задавальняе», — гаворыць муж.
Разам яны любяць гуляць па гарадскім парку, ездзяць у Мінск да Танінай мамы, да сяброў, запрашаюць іх да сябе. Мараць схадзіць у аквапарк, але пакуль няма на яго лішніх грошай, як і на білеты на канцэрт у Палац культуры, які знешне ім вельмі спадабаўся.
На пытанне, аб чым яны мараць, Грыша падзяліўся гаспадарчымі планамі: вясной збіраецца абшыць дошкамі хлевушок у двары дома, які дастаўся яму разам з кватэрай, выкапаць там яму для захавання бульбы і агародніны, бо пакуль яны стаяць у скрынках у кватэры. Гаворыць, што яму падабаецца будаўніцтва. Калі ўсё будзе складвацца добра і Таня зможа знайсці работу, ён паспрабуе пайсці вучыцца на плітачніка. «Гэта рэальна, на базе сярэдняй адукацыі вучыцца трэба ўсяго год», — разважае Рыгор.
Вельмі хочацца, каб у маладой сям’і ўсё атрымалася, каб у нашым горадзе ім было ўтульна і надзейна. І самае галоўнае, каб бераглі сваё каханне як самае вялікае багацце ў жыцці, заўсёды падтрымлівалі і разумелі адзін аднаго.
Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА і з архіва сям'і Валасевіч.