Новости Молодечно и Молодечненского района

СЁННЯ – УВАСКРЭСЕННЕ ХРЫСТОВА ПА КАЛЕНДАРЫ КАТАЛІЦКАЙ КАНФЕСІІ

  • 2024-03-31 07:00:00
  • Заимствованная информация

Дарагія браты і сестры!
Хрыстос Уваскрэс!

Усіх вас сардэчна віншую са светлым святам Вялікай Пасхі і зноў заклікаю шчыра, з перажываннем, але радасна, з цяжкасцямі, але з натхненнем, з болем, але з надзеяй, верай і любоўю ўсклікнуць: «Дзякуй Богу за ўсё!»
Перад кожным з нас сёння адчыняюцца дзверы ў вечнасць, але ўвайсці ў яе без цярпення і ўнутранай работы над сабой немагчыма. Гэта мы з вамі маладушныя і нямоглыя, а Гасподзь Вялікі і Моцны. Гэта мы недасканалыя, а ён Справядлівы і Міласэрны. І, аддаўшы за нас Сваё жыццё, да Хрэснай смерці несучы паслушэнства любові, ён заклікае нас ісці за Ім па шляху пакорлівасці, цярпення і самаадданасці, праз пакаянне і імкненне да міру і адзінства.
Сабраўшы плады Вялікага посту, падзелімся светлай пасхальнай радасцю і любоўю з роднымі і блізкімі і не будзем адчайвацца, калі нешта не атрымалася.
Будзем радавацца сёння Яго перамозе над грахом, нячыстым і смерцю – той самай, якой мы з вамі не баімся, бо на самай справе яе няма. А ёсць жыццё – не толькі цяперашняе, зямное, але і вечнае ў Яго Нябесным Царстве. І радасці гэтай надзеі ў нас ніхто не забярэ.

Эдмунд ДАЎГІЛОВІЧ-НАВІЦКІ,
дзекан Маладзечанскага дэканата, грэміяльны канонік Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, пробашч парафіі св. Юзафа ў Маладзечне


Паважаныя маладзечанцы!

Прыміце шчырыя віншаванні з Уваскрэсеннем Хрыстовым!
Вясенняе абуджэнне прыроды прыходзіць да нас разам са светлымі велікоднымі днямі і нагадвае пра вялікую падзею для кожнага хрысціяніна.
Гэта свята заклікае нас асэнсаваць высокае прызначэнне чалавека на зямлі, задумацца над сэнсам жыцця. У велікодныя дні ўсіх перапаўняюць пачуццё глыбокай, непадробнай радасці і імкненне рабіць добрыя справы, атуляць цяплом і клопатам тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы і спагадзе.
Ад усёй душы жадаем вам душэўнай цеплыні, шчырага ўзаемаразумення з людзьмі, поспехаў у стваральнай дзейнасці! Моцнага ўсім здароўя, міру, дабрабыту і светлага настрою!

Раённы выканаўчы камітэт
Раённы Савет дэпутатаў

Паважаныя хрысціяне каталіцкага веравызнання Маладзечанскага раёна!

Прыміце шчырыя віншаванні са святам Светлага Хрыстова Уваскрэсення!
Веліччу і незвычайнай урачыстасцю адрозніваецца свята Вялікадня для ўсіх хрысціян і ўспрымаецца як галоўны знак адраджэння і надзеі, вернасці маральнаму абавязку.
Велікодныя ўрачыстасці нясуць у сабе святло веры і дабра, напаўняюць сэрцы радасцю, надзеяй і любоўю да блізкіх, звяртаюць нас да духоўных каштоўнасцей хрысціянства, шматвяковым традыцыям нашага народа, якія і сёння з’яўляюцца асновай яго адзінства.
Няхай святло гэтага свята ззяе ў вашых сэрцах, дапамагае ва ўсіх пачынаннях, надае сілы на штодзённую працу дзеля шчасця і росквіту, напаўняе і натхняе нашы сэрцы на стварэнне!
Ад усёй душы жадаю ўсім моцнага здароўя, веры, надзеі, міру і дабрабыту!

К.В. КАПУЦКАЯ,
член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь