Аднакласнікі, а цяпер калегі
— Мы з Паўлам у Лебедзеўскай школе ў адным класе вучыліся. Да слова, у аграфірму ўладкаваліся яшчэ некалькі выпускнікоў, — гаворыць Аліна Вараўка, якая пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта ўжо больш за год працуе эканамістам.
Дзяўчына расказвае, што ва ўніверсітэт паступала па мэтавым накіраванні ад аграфірмы «Лебедзева» і згодна з дагаворам павінна адпрацаваць тут не менш за пяць гадоў. Не ўтойвае, што ўнікаць у тонкасці работы эканаміста было няпроста. Тым больш што ўчастак у яе вельмі адказны – налічэнне, аналіз заработнай платы. Добра, што можна было звярнуцца па дапамогу да больш вопытных калег – былога галоўнага эканаміста Таццяны Масійчук, да выконваючай абавязкі галоўнага эканаміста Тамары Лісоўскай. Заўсёды прыходзяць на выручку, замяняюць адзін аднаго калегі Ганна Петрусенка, Марына Супрановіч.
За год работы Аліна пабывала на ўсіх жывёлагадоўчых комплексах гаспадаркі, бо адзін з кірункаў яе работы – збор даных па прывагах, надоях, складанне хронаметражу (вызначэнне, колькі часу затрачвае той ці іншы спецыяліст на канкрэтны від работ).
— Цікава было ўнікнуць у нюансы арганізацыі работы жывёлаводаў. Радуе, што большасць працэсаў на нашых комплексах аўтаматызаваныя, — адзначае эканаміст.
Даводзілася ёй і па палях ездзіць, вымяраць расход паліва для розных відаў тэхнікі.
Дзяўчына гаворыць, што праз год работы адчувае сябе больш упэўнена. Як малады спецыяліст, яна атрымала аднаразовую выплату (так званыя пад’ёмныя), акрамя таго, штомесяц атрымлівае даплату, і гэта адчувальная сума. Ёй падабаецца працаваць у адным з самых моцных сельгаспрадпрыемстваў раёна. Тут шмат моладзі, адчуваецца карпаратыўны дух: разам сустракалі Новы год, адзначалі Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі, іншыя святы.
2019 год быў адметны для Аліны не толькі выхадам на работу, але і змяненнямі ў асабістым жыцці — яна выйшла замуж. З мужам Яўгеніем жыве ў Турэц-Баярах, адкуль ездзіць на работу на ўласным аўтамабілі. Правы атрымала зусім нядаўна, і гэта яшчэ адзін крок наперад, лічыць малады спецыяліст.
«Калі ў тэхніцы разбіраешся, працаваць цікава»
Так гавораць пра сваю работу малады інжынер Павел Вярышка і тэхнік Дзяніс Ігнацьеў. Павел прыйшоў у аграфірму ў маі гэтага года пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Дзяніс адпрацаваў два гады пасля Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа, завочна вучыцца на інжынера-механіка ў БДАТУ.
Павел жыве ў Мароськах. Тэхніку любіць з дзяцінства, таму і выбраў спецыяльнасць інжынера. Расказвае, што ў час вучэбнай практыкі працаваў на трактары. У час мінулагодняга жніва пайшоў памочнікам камбайнера да Сяргея Касьянава, і гэта таксама карысны вопыт.
— Магу пры неабходнасці замяніць трактарыста, слесара, зваршчыка. А вось токара пакуль яшчэ не магу, — усміхаецца мой субяседнік.
Дзяніс ездзіць на работу з Турэц-Баяраў, як і Павел, жыве з бацькамі. Расказвае, што як толькі прыйшоў на работу, вельмі дапамаглі яму былы галоўны інжынер Яўгеній Палубісак, загадчык мехдвара Уладзімір Пашкоўскі, былы загадчык майстэрняў Віктар Івашчанка.
Удзячныя маладыя спецыялісты за дапамогу, падтрымку галоўнаму інжынеру аграфірмы Канстанціну Жданаву, загадчыку рамонтных мехмайстэрань Яўгенію Кохану, загадчыку аўтагаража Валерыю Шульскаму.
У сельгаспрадпрыемстве каля 50 механізатараў, многія з іх старэйшыя за Паўла і Дзяніса, аднак яны стараюцца знайсці агульную мову з кожным. Работа ў інжынерна-тэхнічнай службе вельмі адказная. Забеспячэнне палівам, неабходнымі запчасткамі, кантроль за правядзеннем своечасовага рамонту, складанне табеляў і іншай дакументацыі – абавязкаў у маладых спецыялістаў шмат. Зімой, калі ідзе падрыхтоўка тэхнікі, больш спакойны рытм работы, а вось ад пасяўной да заканчэння ўборкі даводзіцца дзяжурыць і па выхадных, і вечарамі – такая спецыфіка сельскай гаспадаркі.
Хлопцы расказваюць, што ў аграфірме тэхніка ў асноўным беларускай вытворчасці. Усе агрэгаты яны ўжо вывучылі, ведаюць моцныя і слабыя іх бакі. РУП «Мінскэнерга» накіроў-
вае ў гаспадарку эксперыментальныя мадэлі, тут іх выпрабоўваюць на практыцы, і гэта цікавы вопыт для маладых спецыялістаў.
Знаёмыя раяцца з Дзянісам і Паўлам наконт набыцця ці рамонту аўтамабіляў, іншай тэхнікі. Да слова, на ўласны аўтатранспарт абодва ўжо зарабілі, ездзяць на ім на работу. І хаця, усміхаючыся, зазначаюць, што машыны — іх равеснікі, можна сказаць, што гэта яскравы паказчык магчымасцей маладых спецыялістаў. Яшчэ дваццаць гадоў таму цяжка было ўявіць, што пачынаючы работнік можа ездзіць на работу на сваёй машыне. Сёння ж гэта звычайная справа…
Павел і Дзяніс лічаць, што работа ў роднай гаспадарцы для іх добры старт, магчымасць набыць прафесійны вопыт.
***
Як паведаміла «МГ» спецыяліст па сувязях са СМІ аграфірмы «Лебедзева» Таццяна Бойка, усяго тут працуе 12 маладых спецыялістаў.
Пры працаўладкаванні яны атрымалі аднаразовую дапамогу (так званыя пад’ёмныя) у памеры месячнай стыпендыі, прызначанай у апошнім перад выпускам вучэбным семестры. Штомесяц яны атрымліваюць даплату да заработнай платы – 46 працэнтаў ад базавай стаўкі, якая складае 185 рублёў.
Іншагароднія забяспечваюцца інтэрнатам. Маладыя спецыялісты маюць першачарговае права на выдзяленне ім жылля пры ўмове, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.