Новости Молодечно и Молодечненского района

Свята «Чыстае сэрца» прайшло дзицячым лагеры «Купалінка»

  • 2018-07-31 07:53:03
  • Алег Бяганскі


Тэрыторыя лагера была падзелена на некалькі тэматычных пляцовак. Дзеці паспрабавалі сябе ў ролі міліцыянера, тушылі ўзгаранне, каталіся на цыркавых поні, хварэлі за любімую каманду, бурнымі апладысментамі суправаджалі песенныя і танцавальныя нумары. На свята ў «Купалінку» прыехалі таксама юныя адпачывальнікі з аздараўленчых лагераў «Родничок», «Зубраня» і «Змена».
Літаральна буру радасці выклікаў штучны дождж, што праліўся дзякуючы супрацоўнікам МНС. Так ратавальнікі паказвалі ў дзеянні вадзяную заслону. З вялікім энтузіязмам дзеці ўдзельнічалі ў конкурсах і віктарынах, якія тычыліся супрацьпажарнай тэмы.

Для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак было надзвычай цікава прымераць міліцэйскую экіпіроўку, патрымаць сапраўдны аўтамат. А выступленне супрацоўніка Маладзечанскага аддзела Дэпартамента аховы Яраслава Падмаскоўнага з аўчаркай Аніс уразіла сваёй выразнасцю, выдатным узаемадзеяннем чалавека і сабакі.
У той дзень у «Купалінцы» было незвычайна ўсё, нават абед, які прайшоў на свежым паветры. Смачную кашу з мясам на палявой кухні падрыхтавалі ваеннаслужачыя беларускай арміі.

-- Асноўная мэта свята -- здружыць дзяцей, пазнаёміць іх прафесіямі міліцыянера і ратавальніка, -- адзначыў начальнік лагера Алег Драздоў. – Магчыма, хтосьці з гледачоў у будучыні і сам захоча стаць супрацоўнікам МУС або МНС. Немалаважна і тое, што ў час акцыі юныя жыхары Міншчыны паказваюць прыхільнасць да здаровага ладу жыцця, далучаюцца да беларускіх нацыянальных культурных традыцый.
Гэта асабліва актуальна ў Год малой радзімы.

Па меркаванні педагога-арганізатара Анастасіі Куцеевай, мерапрыемства стала адной з найбольш яскравых падзей у лагеры. Яно надоўга запомніцца ўсім удзельнікам акцыі.