На Маладзечаншчыне Аляксей Іванавіч вядомы чалавек. 36 гадоў ён працаваў дырэктарам Заскавіцкай школы. Можна ўявіць, колькі вучняў выхаваў, выпусціў у дарослае жыццё разам з калегамі. Яны і сёння памятаюць свайго гераічнага дырэктара.
Родам ён з Разаншчыны, сустрэў вайну ў арміі ў Шаўляі, зведаў горыч адступлення. Быў капітанам, камандзірам зенітнай батарэі. Сваякі гаварылі: нарадзіўся ў кашулі. І сапраўды: нібы нябачнае покрыва аберагала яго ад куль. Між тым Аляксей Маскацінін абараняў Маскву, вызваляў Вязьму, Смаленск, многія іншыя гарады, у тым ліку Мінск і Маладзечна, куды вярнуўся пасля дэмабілізацыі.
Да вайны пасля педвучылішча паспеў год папрацаваць у пачатковых класах. У мірны час закончыў два інстытуты, выкладаў хімію, біялогію, геаграфію. Вялікі аматар музыкі, пры падтрымцы тагачаснага старшыні калгаса «Светлы шлях» Уладзіміра Калачыка стварыў у школе аркестр. Аляксей Іванавіч і цяпер слухае музыку, а ў дзень нараджэння разам з гасцямі спяваў любімыя ваенныя песні.
Самыя шчырыя словы адрасавалі ветэрану, уручылі падарункі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч, яе памочнік Вольга Малярэвіч, старшыня Лебедзеўскага сельвыканкама Тамара Дудзіч, кіраўнік спраў Наталля Бычкевіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Каханоўская. «Немагчыма не захапляцца гэтым чалавекам, які так шмат зрабіў для нашага раёна і ўсім паказвае прыклад патрыятызму, жыццялюбства», – гаворыць Тамара Дудзіч.
У святочны дзень, як і заўсёды, побач з Аляксеем Іванавічам была яго клапатлівая дачка Святлана Аляксееўна. Медык з вялікім стажам, яна робіць усё магчымае, каб падтрымліваць дарагога чалавека, каб у яго былі добрае самаадчуванне і настрой, цікавасць да жыцця. Спецыяльна для яго блізкія купілі велатрэнажор, і ветэран штодня круціць яго столькі разоў, колькі рэкамендуе дачка. Яна расказвае, што свайго сына назвала ў гонар таты Аляксеем. У іх і дні нараджэння ў красавіку з розніцай у дзень. А наогул, у доўгажыхара трое ўнукаў, чацвёра праўнукаў. Старэйшы з іх Валерый у наступным годзе заканчвае ваеннае вучылішча, чым прадзед вельмі ганарыцца.
Маёр у адстаўцы Аляксей Маскацінін настроены па-баявому: праз два гады мае намер у добрым здароўі сустрэць сваё 100-годдзе. А цяпер рыхтуецца да Дня Перамогі і гаворыць, што гэта самае вя-
лікае, самае дарагое для яго свята. Віншуем вас, паважаны ветэран! І нізка кланяемся з удзячнасцю за наша сённяшняе мірнае жыццё.
Фота: архіў ЛЕБЕДЗЕЎСКАГА СЕЛЬВЫКАНКАМА.