Новости Молодечно и Молодечненского района

Сплаў мастацтва і тэхналогій

  • 2026-02-04 15:02:19

У мінулы чацвер супрацоўнікі Мінскага абласнога краязнаўчага музея пабывалі ў гасцях у вучняў Палачанскай сярэдняй школы. Іх увазе прадставілі выязную выставу мастацкіх галаграм «Паэзія музейных каштоўнасцей».

Хлопчыкі і дзяўчынкі з захапленнем разглядалі насценныя і настольныя галаграмы ўнікальных прадметаў з музеяў Мінскай вобласці. Сярод іх мастацкая галаграма залататканага слуцкага пояса, залатое скроневае кальцо, фрагмент шаблі з эмблемай арміі Напалеона, сярэбраны пояс Вітаўта і іншыя не менш цікавыя і каштоўныя прадметы.

Займальную экскурсію завяршыла дэманстрацыя аптычнай ілюзіі з выкарыстаннем звычайнага тэлефона.

– Мерапрыемства стала яркім прыкладам таго, як мастацтва і тэхналогіі могуць аб’ядноўвацца, адкрываючы новыя гарызонты для юных даследчыкаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй, – адзначылі ў школе.

Марына ПУЦЭЙКА
Фота: архіў Палачанскай СШ