Новости Молодечно и Молодечненского района

Социальный работник -- профессия для неравнодушных

  • 2018-01-06 11:05:29
  • Ірына Рабушка

Пяць гадоў працуе сацработнікам у раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ганна Мілошавіч. Пра такіх гавораць: з маладых і перспектыўных. Ды яна ў гэта не ўдумваецца. Затое з задавальненнем расказвае пра сваіх падапечных, якіх ласкава называе бабулямі і дзядулямі. Цяпер на яе абслугоўванні дзявяцера чалавек. Самай пажылой жанчыне – 89 гадоў, самай маладой – 64. Усе падапечныя жывуць у горадзе, але спраў па гаспадарцы ў іх не менш, чым у вёсцы. Купіць лекі ды прадукты, звадзіць на прыём да ўрача, прыгатаваць ежу, прыбрацца ў кватэры…

У абавязкі сацработніка ўваходзіць і паўгадзінная прагулка на свежым паветры з падапечнымі. Але нярэдка яны зацягваюцца, бо старым вельмі важна выгаварыцца. Ганна знаходзіць для іх час і па-за працоўным графікам, і нават у выхадныя. Як вядома, добрыя справы і словы могуць дапамагчы лепш за лекі – і гэта яна разумее.

Ганна трапіла ў сацыяльную службу выпадкова. Пасля дэкрэтнага водпуску шукала работу. Ранейшая на швейнай вытворчасці не задавальняла з-за двухзменнага графіка. З такім рэжымам цяжка спраўляцца з дваімі малымі дзецьмі. Яна пакінула рэзюмэ ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

— Мяне адразу папярэдзілі, што работа не з лёгкіх. Без асаблівай радасці ўспрыняў яе і мой муж. Але я вырашыла паспрабаваць, – успамінае пачатак працоўнага шляху Ганна. – Сапраўды было не проста, ці, сказаць больш правільна, нязвыкла. Толькі калі глядзіш у вочы пажылому чалавеку, можна ацаніць важнасць гэтай работы. Тут не заробіш шмат грошай, але набудзеш найвялікшую ў свеце каштоўнасць — цеплыню чалавечых адносін.



Цяпер яна ведае, наколькі патрэбная людзям. Дарэчы, надзейным памочнікам стаў для Ганны муж. Ён заўсёды прыходзіць на дапамогу, калі ў гаспадарцы патрэбны мужчынскія рукі.

— У пажылых людзей таксама многаму можна павучыцца. У іх столькі жыццёвай мудрасці! – працягвае субяседніца. – Лідзія Капцюг – педагог з вялікім вопытам у прафесіі, яна дае шмат карысных парад па выхаванні дзяцей. Вера Хлябовіч – выдатная кулінарка і рукадзельніца, заўсёды дзеліцца рэцэптамі, а таксама навучыла вязаць. Марыю Федаровіч мае сын і дачка называюць не інакш як «наша бабуля». Яна тэлефануе нам часцей, чым мы ёй, заўсёды цікавіцца справамі.

Для сваіх падапечных Ганна і гаспадыня, і «хуткая дапамога», і камізэлька, у якую можна паплакацца. А яшчэ сапраўдны… фотакарэспандэнт. Многія людзі з-за хваробы гадамі не выходзяць са сваіх кватэр. Яны не бачылі, як змяніўся наш горад пасля «Дажынак-2011». Ганна робіць фотаздымкі гарадскіх пейзажаў, якія потым з задавальненнем разглядаюць яе бабулі і дзядулі. Іншым разам просяць сфатаграфаваць іх любі-мыя з маладосці месцы.

Яна прывыкла да любых просьбаў. І стараецца выканаць кожную з іх. Адзінае, да чаго немагчыма прызвычаіцца, калі ідуць з жыцця тыя, да якіх прыкіпелі ўжо і сэрца, і душа.

— Боль страты назаўсёды пакідае след. Тым больш што я і сама ў 15-гадовым узросце засталася без мамы, бабуль і дзядуляў у мяне таксама ўжо няма. Нас, чатырох сясцёр, гадаваў тата, — расказвае Ганна.

У непагадзь і спёку, зімой і летам спяшаецца яна да тых, каму неабходныя яе дапамога і падтрымка. Ганна лічыць, што каб чалавеку быць шчаслі-вым, трэба рабіць добрыя справы для іншых.

Работа стала стылем яе жыцця: заўсёды ў руху і турботах. У новым годзе будзе яшчэ больш клопатаў, што толькі радуе. Людзьмі павінна кіраваць неабыякавасць…

Чытайце таксама: Лепшых работнікаў сацыяльнай абароны ўшанавалі