У час наведвання аграгарадка Хажова пазнаёміўся з адным з мясцовых жыхароў Сяргеем Антонавічам. Зацікавіў ён мяне тым, што на сваім агародзе збіраў сыравіну для хатняга кансервавання.
– Адзін з самых яркіх успамінаў дзяцінства – маці, якая стэрылізуе і нарыхтоўвае агародніну, – паведаміў субяседнік. – На стале некалькі радоў слоікаў. У каструлі гара агуркоў ці памідораў з усімі спецыямі. Пах на кухні такі, што з’явіцца апетыт нават у сытага чалавека. Такая традыцыя ў нашай сям’і працягваецца і цяпер. Замест пакупных кансерваў у нас на стале заўсёды свая вітамінная прадукцыя.
Сапраўды, цяпер прасцей купіць усё патрэбнае ў гатовым выглядзе: і кансервы, і высушаныя травы (раней на вёсцы мы збіралі іх самі). Жыццё становіцца больш універсальным. Ад цябе патрабуюцца толькі грошы. Іх можна абмяняць на ўсё, што патрэбна. Пры гэтым перамога над прыгнётам побыту не адчуваецца. Масавыя рэчы не ўтрымліваюць душы.
Людзі, якія робяць нарыхтоўкі на зіму, стараюцца для сваіх блізкіх. І тут ужо не ў агурках справа, не ў памідорах, а ў адносінах. Ты не калорыі і мікраэлементы атрымліваеш, а любоў.
З вялікай павагай стаўлюся да тых людзей, якія падтрымліваюць традыцыю напаўняць паліцы слоікамі з вітаміннай прадукцыяй са свайго сада-агарода і прыгатаванай па бабуліных рэцэптах. Вы ўсміхняцеся, але і гэта частка нашай культуры, нашых традыцый. Тых традыцый, дзякуючы якім сем’і могуць быць моцнымі, а пакаленні – дружнымі.
Алег БЯГАНСКІ