Новости Молодечно и Молодечненского района

Следства вачыма дзяцей, альбо пра матулю Марыну Пятроўну Бурак, следчага па асабліва важных справах Маладзечанскага РАСК

  • 2025-09-12 12:24:41

Калі мае аднагодкі пытаюцца, чым займаецца мая мама, я адказваю: «Яна вырашае галаваломкі». І гэта зусім не жарт. Праца следчага – гэта сапраўды бесперапынны пошук адказаў. Толькі ў яе галаваломках фігурыруюць не лічбы, а лёсы людзей.



Кожны дзень для мамы – гэта новы выпадак, новыя загадкі, якія трэба разгадваць. Яна аналізуе факты, збірае доказы і спрабуе зразумець, што на самой справе адбылося. Я часта думаю пра тое, як гэта складана: разабрацца ў чалавечых паводзінах і эмоцыях, зразумець, чаму людзі робяць тое, што робяць. Мама заўсёды кажа, што ў кожным выпадку ёсць свая гісторыя, і менавіта гэта гісторыя робіць яе працу такой важнай.

Мама часта вяртаецца дадому позна. Яе партфель заўсёды напоўнены дакументамі, а ў вачах – той асаблівы погляд чалавека, які яшчэ ў думках знаходзіцца на працы. Яна ніколі не раскрывае дэталяў сваіх спраў: гэта сакрэтна. Мне вельмі прыемна назіраць, як мама ўвечары з кубкам гарачай кавы ў руках уважліва перачытвае свае запісы і вывучае доказы, а яе твар напаўняецца святлом, калі яна знаходзіць вырашэнне складанага пытання.

У 2015 годзе маю маму прызналі лепшым следчым Мінскай вобласці, а яе медаль «За бездакорную службу» III ступені гаворыць сам за сябе. Гэтыя ўзнагароды не проста статыстыка, яны з'яўляюцца сведчаннем таго, наколькі мама аддана сваёй прафесіі.

Але дома мама – проста мама. Яна пячэ духмяную шарлотку, варыць смачны боршч, плавае са мной у басейне, дапамагае малодшаму брату будаваць вежы з кубікаў, чытае яму казкі нанач. Яна заўсёды знаходзіць час для нашай сям'і, нават калі вельмі стомленая.

Мама – мой герой. Я ганаруся тым, што яна мая мама. Я ўпэўнена, якой бы складанай ні была галаваломка, яна заўсёды знойдзе рашэння. І спадзяюся, што калі-небудзь змагу працягнуць яе справу і дапамагаць людзям так, як яна.

Тачыліна Караліна Раманаўна, вучаніца 9 "В" класа ДУА "Гімназія №6 г.Маладзечна імя С.Ц.Дзямешкі"