У нашым горадзе 14 і 15 чэрвеня пройдзе ХХІІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Такія падзеі маюць вялікае значэнне для захавання гістарычнай памяці і ўмацавання нашай дзяржаўнасці. Яны неабходныя і вельмі карысныя людзям.
Аднак некаторыя могуць запярэчыць гэтаму. Маўляў, якое дачыненне маюць вершы, музыка, народныя традыцыі да паўсядзённасці? Так, аўдыёвізуальны фон... Паэты, пісьменнікі, кампазітары, выканаўцы, мастакі, іншыя работнікі культуры не ствараюць прыбавачны прадукт у эканоміцы, не ўплываюць на цэны ў магазіне, не ажыццяўляюць адміністрацыйныя працэдуры. Іх «прадукцыя» – нашы з вамі эмоцыі. Можа, лепш з дапамогай штучнага інтэлекту напісаць стандартныя кліпы на ўсе выпадкі жыцця і «закрыць тэму»?
Аднак менавіта культура робіць людзей людзьмі. Калі яна знікае, грамадства ператвараецца ў статак. Бязлітасны і агрэсіўны. Адбываецца расчалавечванне. Мы бачылі тое на прыкладзе нацысцкай Германіі. Утаймаванне агрэсара каштавала нашаму народу кожнага трэцяга жыхара. Страшная цана!
Культура з’яўляецца стрыжнем асобы чалавека, базай яго светапогляду. Калі культурны падмурак адсутнічае, тады можна зневажаць слабых, падманваць, здраджваць. Мяжа паміж дабром і злом сціраецца. Галоўнае – дасягнуць сваіх жаданняў любой цаной.
Пры гэтым слова (вуснае, напісанае, вершаванае, празаічнае) у культуры мае вырашальнае значэнне. Нездарма ва ўсіх народаў цаніліся людзі, якія маглі перавесці гістарычны вопыт у паэтычную форму. Яны стваралі культурны код сваіх краін. А слова, «вянчанае» з музыкай, набывае асаблівую сілу.
У Беларусі заўсёды разумелі сілу паэтычнага слова. Яно суправаджала людзей у горы і радасці, натхняла на супраціўленне ворагу, апявала стваральную працу. Такая традыцыя працягваецца і цяпер. Доказ таму – правядзенне ў нашым горадзе, культурнай сталіцы цэнтральнага рэгіёна, свята беларускай песні і паэзіі.
Тэкст: Алег БЯГАНСКІ