Новости Молодечно и Молодечненского района

Што значыць для вас дата 3 ліпеня? Апытанне

  • 2017-06-30 08:15:20
  • Алег Бяганскі

Вольга ШЫЛЬКО, жыхарка Маладзечна:

— Для мяне 3 ліпеня перш за ўсё асацыіруецца з вызваленнем краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як гісторык я ўсведамляю важнасць гэтай падзеі. Увогуле, Дзень Рэспублікі для нас – сямейнае свята. Адзначаем яго на прыродзе або можам паехаць у Мінск, каб паглядзець парад.

***

Андрэй РАГУНОВІЧ, жыхар Смаргоні:
— 3 ліпеня 1944 года Чырвоная Армія вызваліла Мінск. Гэта слаўная дата, якую трэба памятаць. Аднак беларусы не павінны забываць і іншыя больш раннія падзеі айчыннай гісторыі. Толькі ў гэтым выпадку можна лічыць сябе патрыётам.  


***

Яўгенія ЗЯНЬКО, жыхарка Магілёва:
— Дзень Незалежнасці для мяне – чарговая падстава ганарыцца краінай. Дзякуючы незалежнасці народ Беларусі самастойна вызначае свой лёс. Яшчэ вельмі важна, што наша дзяржава не ўдзельнічае ў ваенных канфліктах. Таму ўсе маці могуць быць спакойныя за сваіх сыноў. Вось чаму мая сям’я святкуе 3 ліпеня.


***

Леакадзія СТАЦІНА, жыхарка Маладзечна:
— Люблю 3 ліпеня. У гэты дзень у горадзе ладзяцца розныя цікавыя мерапрыемствы. Занятак па душы знаходзяць і моладзь, і прадстаўнікі старэйшага пакалення. Звычайна разам з сям’ёй сустракаем свята ў гарадскім парку. Так будзе і сёлета.      


***

Кірыл СТАНУЛЕВІЧ, жыхар Астраўца:
— Кожны год 3 ліпеня разам з сябрамі ідзём у парк Астраўца, а потым адпраўляемся на прыроду. Добра, што ў рэспубліцы ўстаноўлены Дзень Незалежнасці. Сваю гісторыю трэба ведаць і ганарыцца ёю. Для мяне гэта сапраўднае свята.


***

Ганна БЯЛЯЦКАЯ, жыхарка Мінскага раёна:
— Дзень Незалежнасці – добрая нагода ўспомніць, што дзякуючы палітыцы нашай дзяржавы моладзь мае магчымасць рэалізаваць свае здольнасці і прынесці карысць Беларусі. Яшчэ здабыткі незалежнасці – свабода слова, друку і іншыя свабоды, што вельмі важна. Святкую 3 ліпеня разам з сям’ёй і сябрамі.


Фота: Аляксей ПЛАТКО.