Новости Молодечно и Молодечненского района

Што б вы пажадалі свайму раёну ў гонар яго 80-годдзя?

  • 2020-02-28 09:40:57
  • Отдел информации.

Уладзімір КАЛАЧЫК, Герой Сацыялістычнай Працы, кандыдат эканамічных навук, ганаровы грамадзянін раёна:

— Я старэйшы за наш раён роўна на дзесяцігоддзе: сёлета ў чэрвені мне споўніцца 90 гадоў. Можна сказаць, стаў сведкам яго станаўлення і росквіту. Родам я з вёскі Мароські, якая амаль поўнасцю згарэла ў час вайны. Наша сям’я таксама засталася без хаты. Цяжкая фізічная праца на зямлі, адказнасць за малодшых братоў і сястру (бо бацькі рана пайшлі з жыцця) – усё гэта загартоўвала, стала стымулам для вучобы, прафесійнага росту. У нашага пакалення, якое перажыло вайну, было велізарнае жаданне вучыцца, расці прафесійна, каб быць карыснымі для сваёй краіны. Памятаю, як вечарам пасля работы за школьныя парты садзіліся людзі і ў 40 гадоў. Хіба мы маглі тады ўявіць, якія высокія тэхналогіі, якая магутная тэхніка прыйдзе ў нашы калгасы? Маё першае месца работы – падліковец у калгасе імя Варашылава. Калгаснікі цяжка працавалі за працадні, ім плацілі натурай, у іх не было ніякага стымулу. Наш калгас «Светлы шлях», які я ўзначаліў у 1957 годзе, першым у рэспубліцы пачаў плаціць заработную плату. Да нас прыязджаў Пётр Машэраў, каб вывучаць вопыт пераходу на грашовую сістэму аплаты працы. Якія б высокія словы ні гаварылі, а для рабочага чалавека галоўнае – каб за яго працу добра плацілі, каб яе ацэньвалі па справядлівасці. Чалавек павінен адчуваць, што яго цэняць. Гэтымі прынцыпамі я кіраваўся і калі працаваў старшынёй калгаса «Светлы шлях», і калі стаў генеральным дырэктарам агракамбіната «Маладзечанскі», адказваў за сельскагаспадарчую вытворчасць усяго раёна. Ад усёй душы віншую землякоў са слаўным юбілеем, жадаю кожнаму шчасця, дабрабыту, атрымліваць асалоду ад любімай работы, адчуваць павагу ад людзей. А нашаму раёну жадаю працягваць лепшыя традыцыі, развівацца, квітнець на радасць усім нам.

Надзея СІДАРЭНКА, кіраўнік і рэжысёр тэатра мініяцюр «Брава!» Палаца культуры (дваццаць гадоў працавала загадчыцай аддзела культуры гарвыканкама):

— Гісторыю нашага раёна нельга ўявіць без яркіх, адметных падзей культурнага жыцця. Маладзечна заслужана атрымала высокі статус культурнай сталіцы Беларусі. Шлях да прызнання грунтуецца і на закладзеных раней традыцыях. Важнай падзеяй для маладзечанцаў стала ўрачыстае адкрыццё Палаца культуры, дзе праводзяцца мерапрыемствы высокага ўзроўню. Заўсёды плённа працавалі музычны каледж, тэатры, музей, дзіцячыя музычная і мастацкая школы, цэнтр эстэтычнага выхавання, бібліятэчная сістэма… Мне вельмі пашанцавала, што побач былі сумленныя, апантаныя справай людзі. Добрыя словы адрасую супрацоўнікам раённых устаноў, з якімі разам шчыравалі на ніве культуры. Упэўнена: мы павінны паважаць сябе не толькі за тое, што маем, але і за тое, што аддаём людзям, малой радзіме. Жадаю роднаму краю росквіту і дабрабыту, заставацца такім жа гасцінным, прыгожым, багатым на сапраўдныя таленты.


Вольга КАРПІЦКАЯ, работнік энергетыкі:

— Маладзечаншчына і, у прыватнасці, пасёлак Чысць стаў для мяне другім домам больш за 20 гадоў таму. Сюды прыехала да радні, калі ўцякала ад ваеннага канфлікту на Каўказе. На той момант я з бацькамі жыла ў Чаркеску. Беларуская зямля для мяне — гэта найперш мір, спакой, утульнасць. У Чысці я закончыла мясцовую школу. Асабліва дарагія майму сэрцу падзеі звязаныя з Маладзечнам. Менавіта тут знайшла першае рабочае месца, сустрэла каханага чалавека, які стаў маім мужам. А яшчэ гэты край падарыў мне верных сяброў і проста сустрэчы з цікавымі людзьмі. Цяпер большая частка майго жыцця праходзіць у Мінску. Але дзе б я ні была, адразу вылучаю маладзечанцаў. Увогуле, у Чысці і Маладзечне, які недарэмна называюць горадам сонца, добра перазагрузіцца ад сталічнай мітусні. Іх жыхары не адстаюць ад сучасных рэалій і змаглі захаваць традыцыі, якія шануюць. Няхай кожны чалавек будзе шчаслівы ад таго, што тут жыве. Беражыце і развівайце ўнікальны дух свайго краю!

Дзмітрый ЗАВАДСКІ, спецыяліст у 3D-дызайне:

— Люблю наш горад і жадаю яму эканамічнага росквіту. А перадумовы для гэтага ёсць. Маладзечна мае выгаднае геаграфічнае становішча. Ды і моладзь у нас адукаваная, прадпрымальная, нацэленая на поспех. Для маладых людзей трэба ствараць магчымасці для рэалізацыі іх здольнасцей. Як вядома, ІТ-сфера адна з найбольш перспектыўных напрамкаў. За лічбавізацыяй эканомікі будучыня не толькі нашай малой радзімы, але і ўсёй краіны. Лічбавыя тэхналогіі спрыяюць раскрыццю чалавечага патэнцыялу. А людзі – галоўны рэсурс Маладзечаншчыны.