— Наогул я пажараў баюся, — гаворыць мой суразмоўца. — Пару гадоў таму тут узгаранне ішло з боку лесу. Агонь распаўсюджваўся хутка і ва ўсе бакі. Шэсць машын МНС прыязджала. Страшная карціна!
Але калі сярод дня 17 мая Сяргей Уладзіміравіч убачыў, што з вокнаў суседскага дома ідзе моцны дым, не раздумваючы кінуўся туды наўпрост, праз роў з вадой. «Суседскі» зусім не азначае, што гэта блізка. Дамы ў вёсцы Лазавец стаяць свабодна, метраў 150-200 аддзяляе яго лецішча ад дома Валянціна, таксама пенсіянера.
— Сабака мне «падказаў», што гаспадар у доме. Разумныя яны! — працягвае Сяргей. — Я зачыніў форткі ў вокнах, каб паветра не паступала, глыбока ўздыхнуў — і паўзком. Раней бываў у Валянціна, ведаў абстаноўку ў пакоі. Арыентаваўся навобмацак. Праўда, зрабіў памылку, якая магла стаць фатальнай: адчыніў дзверы і нічым іх не падпёр. А яны зачыніліся. Чорны дым, гарачыня, смурод, не было відаць ні выхаду, ні святла праз вокны. Быў момант, калі зразумеў, што сілы мяне пакідаюць. Прамільгнула думка: загінем удвух...
Давялося Сяргею рызыкаваць двойчы: выходзіць, набіраць у лёгкія паветра і вяртацца. Калі знайшоў небараку, выцягнуў таго за ногі. І тут, па словах суразмоўцы, яго чакаў непрыемны сюрпрыз. Ён пабег да суседкі (а гэта яшчэ метраў 150), каб пераканацца, што яна пазваніла ў экстранныя службы. Вярнуўся — Валянціна нідзе не ўбачыў. Нешта пацягнула таго назад у жытло.
— Як жа стала крыўдна! – за-смучаецца Сяргей Уладзіміравіч. – Давялося супакоіцца і зноў заходзіць, шукаць і выцягваць суседа на двор.
Потым прыехалі пажарныя і хуткая дапамога, і пацярпелага, які быў у непрытомнасці, павезлі ў бальніцу. Невядома, як скончыўся б той дзень для Валянціна. Аказалася, яго выратавальнік — чалавек дасведчаны.
— Усё жыццё я працаваў электрыкам. 15 гадоў — на «Спадарожніку», дзе з тэхнікай бяспекі было вельмі строга. Аварыйныя выпадкі былі рэдкасцю і разглядаліся на ўзроўні Масквы. Да службы ў арміі працаваў на камвольным камбінаце ў Мінску. Буйное прадпрыемства, усё сур’ёзна. Удзельнічаў нават у ахове Ігналінскай атамнай станцыі. Правілы ТБ, бяспечных паводзін і прыёмы аказання першай дапамогі ведаю добра. Магу ацаніць стан чалавека, ці ёсць сэрцабіцце, дыханне, ці патрэбна рэанімацыя, — працягвае Сяргей Уладзіміравіч.
— Сам пры рабоце стараюся строга выконваць правілы бяспекі. Вось цяпер комін свайго дома ўладкоўваю. Раблю ўсё як мае быць, у адпаведнасці з пажарнымі патрабаваннямі.
... На наступны дзень пасля падзей мой суразмоўца пры-знаўся: шокавы стан яшчэ не прайшоў.
— Гэта ў горадзе суседзі могуць адзін аднаго тыднямі не бачыць. А тут іншы парадак. Калі суседа на падворку не відаць — трэба абавязкова да яго зайсці, адведаць, — тлумачыць законы вясковага жыцця Сяргей Уладзіміравіч. — І што, хіба мой учынак — гэта подзвіг? Думаю, што абавязак любога мужчыны — дапамагчы. Я ж савецкі чалавек. Дапамагаць — гэта ў нашых генах.