Новости Молодечно и Молодечненского района

Сцяпан Дзямешка – шлях даўжынёй у сто гадоў

  • 2022-04-11 07:32:24
  • Ірына Рабушка

У краязнаўчым музеі пра слаўнага земляка ўспаміналі яго блізкія, вучні, педагогі, жыхары раёна, якіх лёс зводзіў з ім.

Урокі пры лучыне

На вечарыну памяці ў Мінскі абласны краязнаўчы музей прыехаў з Масквы старэйшы сын Сцяпана Цімафеевіча Аляксандр (ён былы ваеннаслужачы). Прыйшла таксама дачка Таццяна Сарока (якая шмат гадоў адпрацавала ў вылічальным цэнтры радыёзавода «Спадарожнік»). Далучыліся і ўнучкі Вольга Дзямешка (урачрэнтгенолаг РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава) і Алена Ляшкевіч (рэнтгеналабарант камп’ютарнай тамаграфіі Маладзечанскай ЦРБ). Увогуле, род Сцяпана Цімафеевіча прадоўжылі трое дзяцей (аднаго сына ўжо няма), пяцёра ўнукаў і чацвёра праўнукаў.

З ім звязана сапраўдная эпоха ў развіцці роднага краю, станаўленні адукацыі, у тым ліку на ўзроўні рэспублікі. Памяць, якая жыве ад пакалення да пакалення, лепшы доказ таго, што яго жыццёвы і прафесійны шлях быў недарэмным.

Недарэмна ён, хлопчык з Талачынскага раёна, рабіў пры лучыне дамашнія заданні, што задавалі ў вясковай сямігодцы. Толькі тады Сцяпан не думаў, што дарога ў прафесію настаўніка будзе доўгай і ўхабістай. На яго долю выпала нямала выпрабаванняў. Ён гадаваўся ў звычайнай сялянскай сям’і, якой жылося вельмі не проста. Рана пайшоў з жыцця бацька Сцяпана. Не збылася і мара юнака стаць чыгуначнікам: вучобу ў Аршанскім тэхнікуме і ўсе мірныя спадзяванні перакрэсліла Вялікая Айчынная вайна. Сцяпан Дзямешка быў разведчыкам партызанскай брыгады «Навальніца», потым – інструктарам Талачынскага падпольнага райкама ЛКСМБ. Ён адзін з арганізатараў падпольнага камсамольскага руху на Віцебшчыне. Баявы шлях Сцяпана Дзямешкі адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, у тым ліку ордэнам Славы ІІІ ступені, медалямі «За баявыя заслугі» і «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» ІІ ступені.

Радня Сцяпана Дзямешкі: унучка Алена Ляшкевіч, сын Аляксандр, дачка Таццяна Сарока, унучка Вольга Дзямешка.

Памяць жыве

У мірны час Сцяпан Цімафеевіч актыўна займаўся партыйнай работай. Пасля Вялікай Айчыннай ён завочна закончыў гістарычны факультэт Мінскага педінстытута. А ў 1960-м узначаліў СШ №6, што адкрылася ў нашым горадзе. На той час гэта была адна з першых у рэспубліцы школ новага тыпу з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы. І першая навучальная ўстанова ў Маладзечне, у якой асвойваліся новыя праграмы навучання, формы выхаваўчай работы. Тут укаранілі і кабінетную сістэму. Сцяпан Цімафеевіч з’яднаў калектыў, які стаў дружнай камандай аднамыснікаў. У скарбонцы кіраўніка найвышэйшая ў СССР урадавая ўзнагарода ордэн Леніна, а таксама нагрудныя знакі «Выдатнік асветы», «Заслужаны настаўнік Беларускай ССР», «Выдатнік асветы СССР» і інш. На працягу многіх гадоў ён узначальваў і дэпутацкую камісію Маладзечанскага гарсавета па адукацыі.

Сцяпана Дзямешкі не стала 13 красавіка 2002-га. Праз год, напярэдадні Дня Перамогі, на будынку СШ №6 з’явілася мемарыяльная дошка, якая размяшчаецца там і сёння. Блізкія Сцяпана Цімафеевіча ўдзячныя, што ён — таленавіты педагог, арганізатар і проста мудры чалавек — застанецца ў сэрцах настаўнікаў і вучняў.

У ліку гасцей вечарыны памяці была цяперашняя дырэктар гімназіі №6 Анжаліка Хандзецкая. Яна заўважыла, што не была знаёмая са Сцяпанам Цімафеевічам, але калектыў ганарыцца тым, што з’яўляецца прадаўжальнікам яго слаўных традыцый.

У першым радзе выпускніцы СШ №6 Ірына Байтаз і Святлана Чыжыкава, а таксама дырэктар гімназіі №6 Анжаліка Хандзецкая і яе намеснік па вучэбнай рабоце Вікторыя Шпетная.

А дзеці спяваюць…

Сустрэчу ў краязнаўчым музеі, якую правяла старшы навуковы супрацоўнік Іна Самовіч, адбылася ў многім дзякуючы яе калезе Наталлі Палтавец, вучаніцы Сцяпана Дзямешкі. Ужо ў якасці работніцы гэтай установы год за годам яна карпатліва збірала матэрыялы пра «шостую» школу, якая з цягам часу ператварылася ў гімназію, і яе першага кіраўніка. У вітрынах ёсць узнагароды, дакументы, падручнікі і, канечне, фотаздымкі, на якіх пазнаюць сябе многія маладзечанцы і ў памяці вернуцца ў сваё юнацтва. Як заўважыла дырэктар музея Алена Чарнецкая, калектыў ажыццяўляе шматлікія праекты, але гэтаму наканавана доўгае жыццё, відавочна, што ён цікавы жыхарам і яны нярэдка нават прапаноўваць імёны слынных землякоў у якасці яго герояў.

Прыгожым аздабленнем вечарыны стала канцэртная праграма прадстаўнікоў музычнага каледжа імя М.К. Агінскага і гімназіі №6. Сцяпан Цімафеевіч вельмі любіў творчасць ва ўсіх яе праявах і літаральна заслухоўваўся, калі спявалі дзеці. Менавіта СШ №6 была першай школай у раёне, у якой дзякуючы яму з’явіўся ансамбль з сапраўднымі музычнымі інструментамі.

Лірычны настрой на вечарыне стваралі творцы мясцовага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага.

З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

Замест традыцыйных слоў прывітання дырэктар падкідваў дзяцей уверх на руках… Блізкія і выпускнікі падзяліліся ўспамінамі пра Сцяпана Дзямешку

Аляксандр ДЗЯМЕШКА, сын:
— Мой тата быў патрыётам і па жыцці, і ў прафесіі. Яго думкі і ўчынкі — адно цэлае. Ён літаральна аддаваўся рабоце, асаблівую ўвагу надаваў выхаванню тых, у каго не вельмі ладзілася з дысцыплінай. Нам дамоў нярэдка тэлефанавалі з міліцыі і паведамлялі, што яго вучні, напрыклад, залезлі ў ларок. Бацька ніколі не губляў надзеі, што выхавае іх. Ужо на пенсіі неаднойчы дзяліўся са мной: маўляў, усё радзей людзі тэлефануюць, з днём нараджэння не так шмат хто віншуе. Але цікава, што не забываліся менавіта тыя «непаслухмяныя» дзеці, дзякавалі за тое, што направіў на правільны шлях. Тата ўвогуле вельмі любіў і шкадаваў дзяцей. І быў гэтым шчаслівы. А яшчэ я вельмі дзівіўся, што ён карпатліва рыхтаваўся да кожнага ўрока, нават маючы вялікі вопыт. Але інакш ён не мог.

Вольга ДЗЯМЕШКА, унучка:
— Ужо з дзяцінства я разумела, што мой дзед вялікі чалавек у нашым горадзе, якога цанілі і паважалі. Нават калі быў у дамашнім халаце, заставаўся для мяне сапраўднай фігурай. Мы часта размаўлялі з ім пра вучобу, поспехі, кнігі. Пасталеўшы, злавіла сябе на думцы, што хацела б зноў «пазнаёміцца» са сваім дзедам, каб больш пра яго даведацца. Але, на жаль, гэта ўжо было немагчыма.

Ірына БАЙТАЗ, вучаніца і пераемніца, кандыдат педагагічных навук:
— Мае першыя ўражанні пра школу: на ўваходзе стаіць прыгожы маладжавы дырэктар у шэрым касцюме і замест традыцыйных слоў прывітання падкідвае дзяцей уверх на руках. У мяне сэрца зайшлося ад шчасця, што я буду тут вучыцца! Сцяпан Цімафеевіч ва ўсіх справах быў з намі, нават разам хадзілі ў кінатэатр «Радзіма», дзе глядзелі фільмы і на англійскай мове. Яго ўрокі гісторыі былі непарыўныя з самім жыццём, у канцы іх заўсёды гаварыў: «Дзякуй вам за ўрок». І ўвогуле ніколі не скупіўся на пахвалу. Памятаю і тое, як у якасці настаўніка мне даверылі выкладаць англійскую мову і літаратуру, а таксама этыку. Менавіта ў сувязі з гэтым прадметам я атрымала ад Сцяпана Цімафеевіча ўрок педагагічнай мудрасці. На вялікім перапынку ён меў звычку праводзіць нарады і па часе… не ўкладваўся. Аднойчы, спазніўшыся з-за гэтага, знервавалася і пачала ўрок на павышаным тоне. Гэта пачуў дырэктар. Выклікаўшы мяне ў кабінет, сказаў: «Іра-Іра, ведаеш, колькі на гэтых дзяцей яшчэ будуць крычаць? Хто ж іх, акрамя нас, пашкадуе?».

Святлана ЧЫЖЫКАВА, выпускніца СШ №6, старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру:
— Да гэтага часу захоўваю свае школьныя граматы за подпісам Сцяпана Цімафеевіча. Памятаю адзін выпадак, які кранае да слёз і сёння. Яшчэ трэцякласніцай мяне выклікалі ў кабінет дырэктара. Пайшла туды па чарговае даручэнне па самадзейнасці, якой захаплялася. Пакуль яго чакала, выпадкова разбіла хрустальную вазу. Плакала наўзрыд! Што яму сказаць?! Я і сама не ведала, як гэта атрымалася. Тым часам зайшоў Сцяпан Цімафеевіч і… абняў мяне са словамі: «Светачка, гэта ваза павінна была калі-небудзь разбіцца, яна разбілася сёння. Не плач». Ён адчуў гэту сітуацыю і не стаў высвятляць акалічнасці. Для мне гэта ўрок маралі і павагі да дзіцяці. Сцяпан Цімафеевіч заўсёды гаварыў нам, вучням: «Мне хочацца вамі ганарыцца». І ў нас нават думкі не было аступіцца і падвесці яго.

Наталля ПАЛТАВЕЦ, вучаніца, старшы навуковы супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея:
— Менавіта Сцяпан Цімафеевіч паўплываў на выбар маёй прафесіі, і я паступіла на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Хаця разам з аднакласнікам Сяргеем Крапівіным, які стаў журналістам, мы неаднойчы «зрывалі» ўрокі: нам падабалася задаваць настаўніку каверзныя, іншым разам правакацыйныя пытанні, асабліва па найноўшай гісторыі і вехах Другой сусветнай вайны. Ён разумеў нашу «задуму» і падтрымліваў гэту «гульню», сам ёю захапіўшыся. Праўда, на наступны ўрок абавязкова выклікаў да дошкі мяне або Сяргея і сам задаваў нам пытанні з пазашкольнай праграмы. І калі мы спраўляліся з імі, з задавальненнем ставіў «пяцёрку».

Ірына РАБУШКА.
Фота: АЎТАР і архіў МІНСКАГА АБЛАСНОГА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ.