Новости Молодечно и Молодечненского района

Сакрэт шчасця і даўгалецця

  • 2024-04-22 07:07:44
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Іосіф Канстанцінавіч ХАРУК і яго жонка Вольга Саваўна – старэйшыя жыхары вёскі. Мужу споўнілася 84 гады, жонцы – 80.

Жыве сям’я ў прасторным доме ў самым канцы вясковай вуліцы. Дом пабудаваны на ўзвышшы, таму з ганка ўвесь населены пункт як на далоні.

– У Пазняках я нарадзілася, пражыла тут усё жыццё, – паведаміла Вольга Саваўна. – З 15 гадоў і да пенсіі працавала ў мясцовай гаспадарцы. Была рознарабочай, падлікоўцам, замяшчала брыгадзіра, выконвала іншыя абавязкі. Муж нарадзіўся ў Навасёлках. У гаспадарцы працаваў трактарыстам.

Субяседніца адзначыла, што Пазнякі паступова мяняюцца. Людзі перабудоўваюць старыя дамы, узводзяць новыя. За дзесяць мінут хады знаходзіцца чыгуначны прыпынак «Раманы». Таму дабрацца да Аляхновічаў, Маладзечна або Мінска не праблема. Дзякуючы транспартнай даступнасці вёска прыцягальная для жыхароў. Сярод іх і пенсіянеры, і людзі працоўнага ўзросту.

– Па панядзелках і чацвяргах да нас прыязджае аўтакрама, – працягвае субяседніца. – Бліжэйшыя цэрквы знаходзяцца ў Дубраве і Аляхновічах. Калі трэба – прыязджае медык з фельчарска-акушэрскага пункта. Суседзі ў нас добразычлівыя. Пенсіі хапае. Так што жывём нармальна.

Муж і жонка па меры сіл апрацоўваюць невялікі зямельны ўчастак: садзяць бульбу, даглядаюць клумбы. Іх любімыя кветкі -- цюльпаны і ружы. Парадак падтрымліваюць і дома, і на ўчастку.

Кожны чалавек павінен клапаціцца аб месцы, дзе жыве, тады і жыццё будзе прыгожым і насычаным – упэўнены муж і жонка.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ