Новости Молодечно и Молодечненского района

Сіла ў дабрыні і міласэрнасці

  • 2017-12-18 06:22:03
  • Людміла Цар

Людзі з абмежаванымі магчымасцямі жывуць сярод нас, побач з намі. Мы цяпер часцей сустракаемся на вуліцах горада з тымі, хто не бачыць ці перасоўваецца толькі ў інваліднай калясцы. І, напэўна, больш цэнім сваё жыццё і здароўе, ад чыстага сэрца стараемся дапамагчы іншым. Добрая справа цесна аб’ядноўвае знаёмых і незнаёмых, дазваляе зразумець: усе мы розныя, але мы разам.

Некалькі месяцаў таму маладзечанцы Алена і Уладзімір Чарнецкія звярнуліся па дапамогу для сыноў Уладзіслава і Рамана. Хлопчыкі  пакутуюць ад мышачнай дыстрафіі Дзюшэна – невылечнай хваробы, пры якой паступова атрафіруюцца мышцы цела. Бацькі адкрылі дабрачынны рахунак у банку на збор сродкаў для набыцця спецыяльнага ложка для Улада, каб у яго не было пролежняў і канчаткова не дэфармавалася спіна, а таксама інваліднай каляскі для Рамана.

Маладзечанскае благачынне пры падтрымцы Свята-Елісавецінскага манастыра арганізавала акцыю «Добрае сэрца». Праходзіла яна ў верасні ў рамках фестывалю праваслаўнай культуры «Кладезь». Старт быў дадзены на дабрачынным канцэрце аўтара і выканаўцы Таццяны Дашкевіч. Людзі падыходзілі да скарбонкі і ўносілі кожны свой уклад. На тэрыторыі фестывальнага гарадка і ў Свята-Пакроўскай царкве таксама збіраліся ахвяраванні. З’явіліся артыкулы ў «Маладзечанскай газеце», іншых інфармацыйных выданнях, сацыяльных сетках. Людзі адгукаліся, і гэта давала надзею.
Праз некаторы час бацька хлопчыкаў Уладзімір Аляксеевіч расказаў, што сродкі на каляску сабраныя, і ў хуткім часе яна будзе набыта. Сёння мы рады паведаміць пра тое, што Раман прывыкае да каляскі, наколькі гэта магчыма, стараецца быць самастойным.

Сям’я Чарнецкіх дзякуе ўсім неабыякавым людзям за медыцынскую, матэрыяльную і інфармацыйную падтрымку. Сярод іх урач-педыятр па аказанні палі-ятыўнай дапамогі дзіцячай паліклінікі Святлана Грыб і медсястра Софія Хлебавец. Словы ўдзячнасці адрасуюць старшыні раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Яўгеніі Русецкай за выдзяленне спецыяльнага медыцынскага ложка. Сям’я наведвае Свята-Мікалаеўскі храм у вёсцы Латыгаль. Мясцовыя жыхары таксама далучыліся да дабрачыннай акцыі, сабралі для хлопчыкаў рэчы і агародні-ну. Нельга пералічыць усіх, хто адгукнуўся, праявіў міласэрнасць. Той, хто робіць дабро іншаму, дапамагае самому сабе не для ўзнагароды, а для светлай радасці.

Улад і Раман, якіх з маленства бацькі далучалі да царкоўных таінстваў, мараць стаць святарамі, дапамагаць людзям. Няхай мары збываюцца, хлопчыкі жывуць без болю, часцей усміхаюцца і
атрымаюць яшчэ шмат неабходных падарункаў.

Звязацца з сям’ёй можна па тэлефоне 73-00-88.