Новости Молодечно и Молодечненского района

Розум -- у чарку, аўтамабіль -- у кювет

  • 2017-10-25 07:04:28
  • Аляксандр Лазоўскі


Гэтай вясной, 15 красавіка, каля трох гадзін ночы аўтамабіль «Аўдзі-100» на трэцім кіламетры аўтадарогі Маладзечна – Ілья з’ехаў у кювет, перакуліўся на дах, а затым трапіў у меліярацыйны канал з вадой.

Калі на месца здарэння прыбыла аператыўна-следчая група, то вадзіцеля на месцы здарэння не застала, а пасажыры – юнак і дзве дзяўчыны – былі шпіталізаваныя з траўмамі рознай ступені цяжкасці.
Было ўстаноўлена, што аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення кіраваў жыхар Маладзечна 1993 года нараджэння. У ходзе следства ён даваў супярэчлівыя паказанні – то яго падрэзаў невядомы аўтамабіль, то ён з месца здарэння пайшоў выключна па дапамогу і такім чынам трапіў дамоў, дзе і ўжыў спіртное.

Дзеля ўстанаўлення ісціны праводзіліся следчыя эксперыменты і экспертызы, былі дапытаны сведкі. Да матэрыялаў крымінальнай справы былі прыкладзены запісы з камер відэаназірання, прааналізаваны тэлефонныя званкі, у тым ліку і ў экстранныя службы ў пэўны перыяд часу. У выніку сабраных матэрыялаў следства абвергла довады вадзіцеля.

Было даказана, што напярэдадні здарэння 23-гадовы вадзіцель бавіў час у адным з бараў Маладзечна, ужываў спіртныя напіткі. Сустрэў там знаёмую дзяўчыну і прапанаваў падвезці яе разам з сябрамі дамоў у адну з вёсак. Кіруючы аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення на хуткасці 190 кіламетраў за гадзіну, на адным з закругленняў дарогі ўправа страціў кантроль за аўтамабілем, што ў выніку і прывяло да дарожна-транспартнага здарэння з цяжкімі наступствамі. Пасля ўчынення ДТЗ пакінуў месца здарэння, адначасова і пасажыраў у небяспечным для жыцця стане. Юнак і дзяўчына, якія былі пры памяці, змаглі дазваніцца ў хуткую дапамогу і назваць месца здарэння.

У выніку вадзіцелю прад’яўлена абвінавачванне ў парушэнні правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання і цяжкага цялеснага па-шкоджання, а таксама ў свядомым пакіданні ў небяспецы, учыненае асобай, якая сама па неасцярожнасці паставіла пацярпелага ў небяспечны для жыцця альбо здароўя стан.

Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Закон, безумоўна, возьме верх, вінаваты будзе пакараны ў адпаведнасці з учыненым. Разам з тым, у каторы ўжо раз хочацца перасцерагчы людзей (і маладых, і пажылых – няма розніцы) не садзі-цца ў салон машыны, якой кіруе нецвярозы вадзіцель. Яшчэ больш, не дапусціць, каб той наогул сеў за руль. Для гэтага ёсць нямала магчымасцей. Трэба разумець, што ад нашай пазіцыі, мажліва, залежыць здароўе, а то і жыццё людзей.