Святкаванне адкрыла шэсце, у якім удзельнічалі дэлегацыі прадпрыемстваў і арганізацый, школьнікі, байкеры, духавы аркестр. Прахожыя віталі калону і далучаліся да землякоў. Ва ўсіх быў добры настрой.
-- Наш калектыў робіць усё для росквіту прадпрыемства і пасёлка, -- сказаў дырэктар ААТ «Белмастацкераміка» Дзяніс Браўко. -- Прадукцыя мясцовых майстроў керамікі шырока вядомая ў нашай краіне і за яе межамі.
Гісторыя Радашковічаў багатая слаўнымі падзеямі і гучнымі імёнамі. Сам пасёлак раней меў статус горада. Яму было падорана Магдэбургскае права. З пасёлкам звязаны жыццё і дзейнасць выдатных дзеячаў айчыннай гісторыі і культуры. Тут у жніўні 1913 года ўпершыню была пастаўлена п’еса «Паўлінка», якую напісаў наш зямляк Янка Купала. Дарэчы, галоўныя персанажы п’есы, Паўлінка і пан Быкоўскі, якраз і вялі святочную праграму. У гонар 576-годдзя пасёлка выступілі танцавальныя калектывы і выканаўцы.
У Радашковічах жывуць таленавітыя людзі, якія ўмеюць працаваць, ствараць, дасягаць поспехаў. Гэта не раз адзначалася ў час узнагароджання пераможцаў у розных намінацыях.
Так, у намінацыі «Лепшы стараста» была адзначана Валянціна Яцыновіч. Адкрыццём года стаў парк «Улитка», дзе разводзяць смаўжоў і ўтрымліваюць розныя экзатычныя віды жывёл. Ганаровае званне «Чалавек года» атрымаў дырэктар ААТ «Радашковіцкі керамічны завод» Алег Мішчанка. Поспехамі гэтага прадпрыемства ганарыцца ўвесь раён.
Шчырае прывітанне і каштоўны падарунак атрымала старэйшая жыхарка Радашковічаў Марыя Пясецкая. Пабываў на сцэне і самы малады жыхар гарадскога пасёлка Павел Смалонскі разам з бацькамі Надзеяй Уладзіміраўнай і Сяргеем Леанідавічам.
У час свята адбылося ўзнагароджанне ўдзельніц конкурсу прыгажосці «Міс Радашковічы-2023», пераможцай якога стала Дзіяна Лавор.
На мерапрыемстве таксама ўшаноўвалі мясцовых жыхароў у намінацыях «Залатыя юбіляры», «Спартыўныя дасягненні», «Тэрыторыя добрых спраў», «Вучань года». Узнагароды атрымалі і лепшыя работнікі прамысловасці гарадскога пасёлка.
Як адзначыла старшыня Радашковіцкага пасялковага выканаўчага камітэта Інга Вялікаіваненка, жыхары пасёлка з поўным правам могуць ганарыцца сваёй малой радзімай, яе гісторыяй, традыцыямі і сучаснымі дасягненнямі. Галоўнае багацце Радашковічаў -- таленавітыя, працавітыя, добразычлівыя людзі. Яны берагуць усё лепшае, што было створана папярэднімі пакаленнямі, і прымнажаюць гістарычную спадчыну.
-- Будучыня пасёлка залежыць ад кожнага з нас, -- падкрэсліла Інга Валер’еўна. -- Усе жыхары ўносяць свой уклад, каб ён станавіўся ўсё больш камфортным, сучасным і добраўпарадкаваным.
Адзначым, што на свяце працавалі атракцыёны, гандлёвыя рады, выставы, майстар-класы, інтэрактыўныя пляцоўкі, палявая кухня, кірмаш-выстава народнай творчасці «Горад майстроў». Мерапрыемства праходзіла ў сямейным фармаце і завяршылася феерверкам.
-- Выдатна, што свята адбылося. Яно пакінула вельмі шмат станоўчых эмоцый! -- заўважыла мясцовая жыхарка Галіна Мароз. -- У Радашковічах я найбольш цаню чысціню, размеранасць жыцця, прыгажосць, а яшчэ тое, што землякі любяць малую радзіму і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу адзін аднаму.
Работніца мясцовай бібліятэкі библиотекарь -Алена Нядвецкая падкрэсліла, што Радашковічы праз вякі захавалі непаўторнасць і самабытнасць. У пасёлку ёсць некалькі славутасцей. Прыцягвае ўвагу цэнтр населенага пункта. Гістарычная спадчына беражліва захоўваецца.
ДАВЕДКА. Упершыню Радашковічы ўпамінаюцца ў пісьмовых крыніцах 1447 года, калі кашталян віленскі Пётр Гедыгольдавіч узвёў касцёл Найсвяцейшай Тройцы, у якім у 1882 годзе хрысцілі хлопчыка Яна Луцэвіча -- будучага народнага песняра Янку Купалу. Валодалі мясцовасцю нашчадкі легендарнага Дзмітрыя Данскога, вялікая княгіня літоўская Бона Сфорца, магнаты Глебавічы, Масальскія, Агінскія, Радзівілы. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут здзейсніў подзвіг легендарны лётчык Мікалай Гастэла, якому пастаўлены помнік.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.