Новости Молодечно и Молодечненского района

Рабіце людзям дабро…

  • 2025-03-29 05:56:00
  • Олег Беганский

Глафіра ШАРОХ – адна са старажылаў Аляхновічаў. На яе долю выпалі многія выпрабаванні. Аднак жанчына захавала лепшыя чалавечыя якасці: любоў да людзей, працавітасць, жаданне рабіць дабро. Глафіра Максімаўна прыгадала найбольш памятныя моманты свайго жыцця.

– Нарадзілася я ў 1931 годзе, – гаворыць жанчына. – Наша сям’я тады жыла на хутары недалёка ад вёскі Дзюблеўшчыны. Жылі мы бедна. У бацькоў было шасцёра дзяцей. Калі ў 1939 годзе Заходнюю Беларусь вызваліла Чырвоная армія, людзі гэтаму вельмі радаваліся. Мой бацька быў савецкім актывістам. Ён многае рабіў для ўстанаўлення савецкай улады. У той час мы пераехалі ўжо ў Аляхновічы. Жыццё паступова наладжвалася. Аднак пачалася вайна.

Нямецкую акупацыю Глафіра Шарох не можа ўспамінаць без слёз. Бацька загінуў. Засталася маці з дзецьмі. Быў перыяд, калі ў сям’і месяц не было кавалка хлеба. Адзін аднавясковец тады перадаў ім 20 кілаграмаў збожжа. За гэта трэба было адпрацаваць на яго гаспадарцы. Збожжа змалолі на жорнах. Выкапалі на полі дробную бульбу, якая заставалася пасля ўборкі ўраджаю. З гэтых інгрэдыентаў маці доўгі час варыла суп. Добра, што сям’я трымала карову. Дзякуючы гэтаму ўдавалася неяк існаваць.

– Аднойчы ў нашу хату ўварваліся акупанты, – працягвае субяседніца. – Нас, дзяцей, яны выштурхалі на вуліцу, паставілі ля сцяны, навялі на нас зброю. Маці ледзь угаварыла нацыстаў пашкадаваць малых. Увогуле, у час акупацыі баяліся лішні раз выходзіць на вуліцу. А баяцца было чаго. Так, у час адной з аблаў, калі людзей адпраўлялі на катаржныя работы ў Германію, я пасвіла карову ў полі і трапіла на вочы гітлераўцам. Выратавала толькі тое, што ростам была невялікая і гадоў мне было мала.

Асабліва цяжка было выжываць зімой. Па дровы дзеці хадзілі ў лес, прыносілі адтуль буралом. Ноччу дровы пілавалі. Тое, што прыносілі, хапала абагрэць хату на дзень. Потым трэба было зноў ісці па паліва. Калі акупантаў прагналі, большай радасці не было. Цяжкі час скончыўся.

Пачалося мірнае жыццё. Працоўны стаж Глафіры Максімаўны складае 42 гады, 6 з якіх яна працавала ў Мінску на дыстанцыі пуці Беларускай чыгункі. Большая частка працоўнай біяграфіі прыпадае на Аляхновіцкую школу, дзе субяседніца была тэхнічным работнікам. Працоўны ўклад жанчыны быў па заслугах ацэнены. Яна мае ўзнагароды і заахвочванні.

– Той драўляны будынак школы, дзе я працавала, існуе і цяпер, – паведаміла Глафіра Шарох. – У пасляваенныя гады кожны тэхработнік адказваў за свой клас. У нашых абавязках было пратапіць памяшканне. Дзеля гэтага гадзін у пяць раніцы мы бралі каня з возам і ехалі ў бок Дубрава нарыхтоўваць дровы. Калі дзеці прыходзілі на вучобу, у школе было ўжо цёпла.

Глафіра Шарох не можа сябе ўявіць без працы. У свае 94 гады яна даглядае агарод, робіць нарыхтоўкі, вяжа. Дарэчы, рукадзеллем жанчына захапілася яшчэ ў дзяцінстве. І цяпер яе дом нагадвае сапраўдны музей, у якім экспанаты – саматканыя дарожкі, дываны, фіранкі, іншыя вырабы. Ёсць аўтарскія цацкі ручной работы. Ганаровае месца займае вышытая ўручную ікона. Ва ўсіх рэчах адчуваюцца любоў, цеплыня і шчырасць.
– Рукадзеллю вучылася сама, – гаворыць субяседніца. – Вырабляла сабе і людзям касцюмы, світары, шкарпэткі, іншыя рэчы. Раней надавала гэтаму шмат часу. Цяпер, на жаль, здароўе ўжо не тое. Сёлета звязала толькі некалькі пар шкарпэтак.

Сваякі і знаёмыя не пакідаюць жанчыну, дапамагаюць. Верныя памочнікі – сыны, унучка і суседка. Рэгулярна наведваюць яе работнікі сельвыканкама. У Аляхновічах Глафіру Шарох любяць і паважаюць. Пра яе зняло дакументальны сюжэт Беларускае тэлебачанне.

– Бог падарыў мне доўгае жыццё, і я дзякую яму за гэта, – гаворыць жанчына. – Трэба, каб людзі жылі ў міры і згодзе, рабілі адзін аднаму дабро, паважалі, не ваявалі. Тады свет стане лепшым. Радуюся, што ў людзей цяпер ёсць усё, што трэба. Аляхновічы змяняюцца ў лепшы бок: будуюцца сучасныя дамы, вядзецца добраўпарадкаванне.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ