Новости Молодечно и Молодечненского района

Пятьсот экспертиз и курс на полумарафон

  • 2019-07-22 07:19:56
  • Ірына Рабушка

Да прафесіі эксперта маладзечанка Юлія Сіняўская ішла не адзін год. Выкладала біялогію ў школе, працавала ў прыватнай кампаніі, якая спецыялізуецца на пытаннях энергетыкі… Але яшчэ са школьных часоў уяўляла сябе на службе ў праваахоўных органах.

Не жаночая справа

Юлія марыла прадоўжыць шлях свайго таты, які ўсё жыццё працаваў аператыўным дзяжурным. Але штораз дачку спыняў яго наказ: міліцыя не жаночая справа. Урэшце, яна ўсё ж асмелілася не паслухацца бацьку. Пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта, з багажом ведаў і вопыту ў розных арганізацыях зноў пайшла вучыцца – у інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь.

У Маладзечанскім міжраённым аддзеле экспертыз пачынала свой шлях у якасці стажора. У свой першы рабочы дзень Юлія, канечне, успомніла татаў наказ, але вырашыла не скарацца цяжкасцям. Настаўнікам у прафесіі быў намеснік начальніка гэтай службы Сяргей Канановіч, які цяпер на заслужаным адпачынку. Але яго падапечная не губляе з ім сувязі і сёння, бо ведае, што ён заўсёды дасць слушную параду.

Міжраённая служба абслугоўвае не толькі Маладзечанскі раён, але і Вілейскі, Валожынскі, Мядзельскі, Смаргонскі і нават сталічны рэгіён па лініі супрацоўніцтва з аддзелам унутраных спраў на транспарце. Юліі найчасцей даводзіцца праводзіць экспертызы на ўтрыманне алкаголю і іншых рэчываў у вадкасцях, а таксама даследаваць курыльныя сумесі.

— Мяне не перастаюць здзіўляць аб’ёмы сурагатнай алкагольнай прадукцыі, якую вырабляюць або захоўваюць дзеля нажывы. Толькі ўявіце: 15 тон брагі! Гэта прамысловы маштаб. Але менавіта столькі выявілі яе ў аднаго з жыхароў раёна. Прычым трэба ўлічваць, што адходы вытворчасці трапляюць у зямлю, чым наносіцца вялікі ўрон прыродзе, — гаворыць эксперт. — Як не перастае здзіўляць і ўзрост тых, хто ўвязваецца ў злачынны ланцуг наркабізнесу. Зачастую гэта маладыя людзі, якія з’яўляюцца заложнікамі сітуацыі ці пасрэднікамі.

Менавіта ад выніковага заключэння экспертызы залежыць далейшы лёс чалавека, які трапіў у поле зроку праваахоўных органаў. Іншым разам яе трэба праводзіць неадкладна, у тым ліку ноччу.

Усё часцей апошнім часам даводзіцца даследаваць насенне маку ў фабрычнай расфасоўцы, што нібыта прызначаны для шырокага кола спажыўцоў.

— На якія толькі хітрыкі не ідуць зламыснікі. Нярэдка на фабрычных упакоўках і следу няма, што іх ужо адчынялі, — заўважае эксперт.

Штогод Юлія праводзіць каля паўтысячы розных экспертыз. Дарэчы, для дзяржавы гэта немалыя выдаткі.

Свой адпачынак «прабегала»

Трымацца ў тонусе пасля напружаных будняў Юліі дапамагае бег. Свой нядаўні адпачынак яна таксама «прабегала»: удзельнічала ў 10-кіламетровым забегу ў рамках Каўнаскага паўмарафону. Потым адправілася на 5-кіламетровы забег у Вільнюс, што праводзіўся ў падтрымку жанчын, хворых на анкалогію малочных залоз.

Прадугледжвалася ў ім і дзіцячая дыстанцыя на 400 метраў. Яе з поспехам пераадолеў сын Юліі 10-гадовы Арсеній.

— Кожны забег гэта асаблівая атмасфера. Напрыклад, у Каўнасе была вельмі прыгожая дыстанцыя – частка маршруту пралягла ўздоўж Нёмана, а на фінішы іграў скрыпач і весяліў дамавік, — дзеліцца ўражаннямі Юлія.

Цяпер яна ўпарта рыхтуецца да паўмарафону, што восенню пройдзе ў Мінску: тры разы на тыдзень самастойная трэніроўка па бегу і столькі ж разоў індывідуальныя заняткі з трэнерам у трэнажорнай зале.

Напэўна, многім цікава, ці прытрымліваецца Юлія спецыяльнага рэжыму харчавання.

— Вельмі люблю дамашнія булачкі з малаком, а яшчэ сала, піццу з’есці магу. Канечне, усё гэта рэдка сабе дазваляю. Аддаю перавагу здароваму харчаванню, за дзве гадзіны да трэніроўкі нічога не ем, — гаворыць субяседніца.

Фота: Ірына РАБУШКА і архіў Юліі СІНЯЎСКАЙ.