Новости Молодечно и Молодечненского района

«Прывык адказваць за даручаную справу»

  • 2019-06-19 06:56:37
  • Алег Бяганскі



Слесар па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактароў службы механізацыі і транспарту філіяла «Маладзечанскія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга» Дзмітрый Ціхановіч мае шосты, вышэйшы прафесійны разрад. Пры гэтым спецыяліст пастаянна ўдасканальвае свае веды і навыкі.

— На прадпрыемстве працую з 2000 года, займаю пасаду брыгадзіра, — гаворыць Дзмітрый Уладзіміравіч. – У брыгадзе 11 чалавек. Дапамагаю маладым спецыялістам хутчэй асвоіцца ў прафесіі. Падказваю, што і як трэба правільна рабіць. Стараюся быць прыкладам для іншых.

Субяседнік падкрэсліў, што ад работы энергетыкаў у многім залежыць камфорт жыхароў горада і раёна. Акрамя Маладзечанскага раёна, філіял абслугоўвае Вілейскі, Мядзельскі, Валожынскі. Задача Дзмітрыя Ціхановіча і яго калег – абслугоўваць спецыялізаваную тэхніку, аператыўна ліквідаваць непаладкі.

— Аўтапарк прадпрыемства пастаянна абнаўляецца, удасканальваецца абсталяванне. Гэта патрабуе пастаяннага павышэння кваліфікацыі работнікаў. Неабходную інфармацыю знаходжу ў спецыяльнай літаратуры. Калі трэба, задзейнічаю інтэрнэт. Без папаўнення ведаў якасна выконваць свае абавязкі проста немагчыма, — упэўнены перадавік вытворчасці.

На думку Дзмітрыя Ціхановіча, важнае значэнне для работнікаў мае псіхалагічны клімат у калектыве. З гэтым у Маладзечанскіх электрасетках усё ў парадку. На прадпрыемстве існуе карпаратыўны дух, калектыўным дагаворам прадугледжаны важкі сацыяльны пакет. Адміністрацыя клапоціцца пра ўмовы працы работнікаў. Эфектыўна дзейнічае прафсаюзная арганізацыя. Дзякуючы гэтаму людзі адчуваюць сябе ўпэўнена і вытворчыя заданні выконваюць з поўнай аддачай.

— Мая працоўная біяграфія склалася ўдала, — падкрэсліў субяседнік. – Прафесію выбраў на ўсё жыццё. Я прывык адказваць за даручаную справу. Радуе, што інжынерам-механікам вырашыў стаць і мой сын. Буду вучыць яго сакрэтам майстэрства.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.