Новости Молодечно и Молодечненского района

Прадстаўніца Маладзечна пабывала на сустрэчы Прэзідэнта з актывам БРСМ

  • 2018-11-01 11:25:20
  • Ірына Рабушка


Мерапрыемства праводзілася ў Палацы Незалежнасці ў форме адкрытага дыялогу. Выкладчыца спецдысцыплін Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа, сакратар «пярвічкі» і камандзір маладзёжнага атрада аховы правапарадку «Барс»  Аксана Апяцёнак неаднойчы прадстаўляла рэгіён на знакавых і маштабных форумах, але на сустрэчу з кіраўніком дзяржавы была запрошана ўпершыню.

Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка прыйшоў са сваім камсамольскім білетам, які прадэманстраваў прысутным. Прэзідэнт пазнаёміўся з актыўнай моладдзю, пераможцамі розных конкурсаў, спаборніцтваў, студатрадацаўцамі... Маладзечанку вельмі ўразіла добразычлівая і адначасова канструктыўная гутарка, у час якой закраналіся розныя аспекты жыцця. Моладзь смела агучвала свае ідэі. Напрыклад, прагучала прапанова прысвоіць Палацу Незалежнасці статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таксама выказвалася ідэя распачаць традыцыю закладання сямейных паркаў, дзе ўсе жадаючыя будуць садзіць дрэвы з нагоды той ці іншай знакавай падзеі ў жыцці і, канечне, даглядаць іх. Такім чынам, з’явяцца прыгожыя зялёныя аазісы – спадчына для наступных пакаленняў.

У адрас Прэзідэнта прагучала ўдзячнасць ад удзельнікаў Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў, што адбыўся летась у Сочы. У ліку беларускіх дэлегатаў таксама была Аксана Апяцёнак.
Двухгадзінная сустрэча з кіраўніком дзяржавы праляцела як адно імгненне. Актывісты БРСМ падарылі яму кнігу пра гісторыю ВЛКСМ.

Аляксандр Лукашэнка назваў стагоддзе камсамола знамянальным днём для ветэранаў арганізацыі, сучасных юнакоў і дзяўчат, прадаўжальнікаў традыцый самага масавага маладзёжнага руху. Ён заўважыў, што гэта свята выклікае ў яго, як і ў многіх іншых суайчыннікаў, самыя светлыя і добрыя ўспаміны. Бо камсамол – гэта маладосць, нястрымная энергія жыцця і час высакароднага імкнення змяніць свет да лепшага.

Кіраўнік краіны ацаніў поспехі сучаснай беларускай моладзі. У Палацы Незалежнасці брсмаўцы арганізавалі інтэрактыўныя пляцоўкі. Прадстаўнікі Саюза моладзі падкрэслілі, што традыцыі ВЛКСМ не забытыя. А песні, якія ведае кожны камсамолец, падхапілі ўсе прысутныя. Да іх далучыўся і Аляксандр Лукашэнка.

Фота: архіў Аксаны АПЯЦЁНАК і СТВ.